МВФ прагназуе: Беларусь сёлета страціць палову свайго золата

Міжнародны валютны фонд лічыць, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца і заклікае ўрад краіны да правядзеньня рэформаў.

У МВФ адзначаюць, што Беларусь застаецца ўразьлівай перад эканамічнымі ўзрушэньнямі. Сытуацыю таксама ўскладняе эканамічны крызіс у «найбуйнейшага гандлёвага партнэра» Беларусі — Расеі.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, прысьвечаным чарговаму гадавому агляду беларускай эканомікі, спад ВУП складзе ў 2015 годзе парадку 2,3%, дэфіцыт бягучага рахунку захаваецца на ўзроўні 7% ВУП, інфляцыя складзе 22%. Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі скароцяцца да 2,5 млрд. даляраў (на пачатак году ЗВР складалі амаль 5,1 млрд., на сёньня — 4,5 млрд.).

У МВФ канстатуюць цікавасьць кіраўніцтва Беларусі да новай крэдытнай праграмы фонду, аднак адзначаюць, што краіна павінна прадэманстраваць цьвёрдую прыхільнасьць на самым высокім узроўні да комплекснага пакету глыбокіх структурных рэформаў і пасьлядоўнай макраэканамічнай палітыкі.

МВФ таксама заклікаў Нацбанк Беларусі выйсьці зь ліку акцыянэраў Банку Масква-Менск. «Нацыянальнаму банку Беларусі варта як мага хутчэй вывесьці свае актывы з Банку Масква-Менск з-за канфлікту інтарэсаў, які ўзьнікае пры знаходжаньні банку ва ўласнасьці ў кантралюючага органа», — адзначаюць у фондзе.

Нацбанк выкупіў 99,75% акцый Банку Масква-Менск восеньню мінулага году. Галоўным бухгалтарам Банку Масква-Менск зьяўляецца жонка сёньняшняга кіраўніка Нацбанку Паўла КалавураЛарыса Калавур. Праўда, сама зьдзелка адбылася, калі Нацбанкам кіравала яшчэ Надзея Ермакова.