Беларускія абмежаваньні на імпарт радуюць літоўцаў

Літоўскі бізнэс ня бачыць для сябе ў гэтым сур’ёзных пагрозаў, бо пастаўкі такіх тавараў зь Літвы невялікія. А вось мясцовыя гандляры, наадварот, чакаюць, што пасьля забароны беларусы будуць яшчэ часьцей езьдзіць у суседнюю краіну на закупы.

Пра гэта сёньня паведаміла літоўская дзелавая газэта «Verslo žinios». Так, кіраўніца гандлёвага цэнтру «Panorama» ў Вільні Біруце Каланавайце лічыць:

«Скарачэньне асартымэнту заўжды прыцягвае людзей сюды. Да таго ж, для іх Вільня — гэта заходняя культура, і ўжо з гэтай прычыны яны едуць сюды. Ну, а наведвальнік „Panorama“ — гэта беларус з высокімі прыбыткамі, які прыяжджае ня толькі купіць адзеньне, але і правесьці час у рэстаранах і гатэлях».

Паводле літоўскага выданьня, скарачэньне імпарту ў Беларусь найперш закране аўтамабілі, адзеньне, абутак, тэлевізары, лядоўні. Як адзначае аташэ амбасады Літвы ў пытаньнях камэрцыі ў Беларусі Відмантас Вярбіцкас, «беларускі ўрад не мяняе сваёй устаноўкі — працягнуць праграму мадэрнізацыі і імпартазамяшчэньня, каб абараніць такім чынам унутраных вытворцаў».

Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі ў 2014 годзе перавысіла тры мільярды даляраў. Як сьведчаць экспэрты, ёсьць два шляхі яго зьмяншэньня — павялічваць экспарт і зьмяншаць імпарт. Паколькі магчымасьці рынкаў Расеі і Ўкраіны, куды найбольш прадаваліся беларускія тавары, цяпер значна зьменшыліся, урад Кабякова спрабуе ліквідаваць дэфіцыт праз істотнае скарачэньне доступу замежных тавараў на тэрыторыю Беларусі.