Старшыня КНР прыбыў у Беларусь

Сі Цзіньпін на парадзе ў Маскве 9.05.2015

У Беларусь зь дзяржаўным візытам прыбыў старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Гэта першае наведваньне Беларусі старшынём КНР за апошнія 14 гадоў.

Кітайскага лідэра ў Нацыянальным аэрапорце Менск сустрэў Аляксандар Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Паводле інфармацыі прэзыдэнцкай прэс-службы, 10 траўня ў другой палове дня адбудуцца афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі зь Сі Цзіньпінам у вузкім і пашыраным складах. Па іх выніках мяркуецца падпісаць шэраг міжнародных дакумэнтаў. Заплянаваная таксама сустрэча кіраўнікоў дзьвюх краін з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Плянуецца, што дзяржаўны візыт Сі Цзіньпіна будзе доўжыцца да 12 траўня.

Дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай ўсталяваныя 20 студзеня 1992 году.

У 2014 годзе аб’ём гандлю таварамі і паслугамі Беларусі і Кітая склаў 4 мільярды 186 мільёнаў даляраў (103,8% да 2013 году).