У Горы ў Дзень перамогі прайшла дэманстрацыя сталіністаў

Дэманстранты несьлі чырвоныя сьцягі з сярпом і молатам, забароненыя ў Грузіі, але паліцыя ніяк не ўмешвалася ў разьвіцьцё падзей.

Дэманстранты несьлі чырвоныя сьцягі з сярпом і молатам, забароненыя ў Грузіі, але паліцыя ніяк не ўмешвалася ў разьвіцьцё падзей.

Дзень перамогі ў Грузіі афіцыйна адзначылі дзевятага, а не восьмага траўня, як на тым настойвала апазыцыя з ліку паплечнікаў экс-прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Прэзыдэнт і прэм’ер-міністар у суботу ўсклалі вянкі да Магілы Невядомага салдата ў цэнтры Тбілісі. На тым жа месцы адбылося некалькі сутычак паміж актывістамі моладзевай арганізацыі «Свабодная зона» і жыхарамі горада, якія паспрабавалі падысьці да магілы з георгіеўскімі стужкамі.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, апоўдні, калі ў парк Вакэ (раней ён называўся «Паркам Перамогі») да Магілы Невядомага салдата прыйшлі некалькі тбілісцаў з георгіеўскімі стужачкамі, да іх наблізіліся актывісты моладзевай арганізацыі «Свабодная зона», якая складаецца з прыхільнікаў экс-прэзыдэнта Саакашвілі. Яны паспрабавалі адабраць у удзельнікаў жалобных мерапрыемстваў георгіеўскія стужкі. Тыя аказалі супраціў. Паліцыя затрымала, але неўзабаве вызваліла некалькі маладых чалавек — членаў «Свабоднай зоны».

Затрыманыя спасылаліся на тое, што георгіеўская стужка адносіцца да камуністычнай сымболікі, забароненай у Грузіі законам. Носьбіты стужак гэтую аргумэнтацыю катэгарычна адкінулі, спасылаючыся на тое, што Сьвяты Георгій — заступнік Грузіі, а ў вайне супраць фашызму ўдзельнічалі сотні тысяч грузінаў, многія з якіх напэўна насілі такія ж стужачкі як атрыбут савецкага ордэна Славы.

У Горы, на радзіме Сталіна, адбылася даволі шматлікая дэманстрацыя вэтэранаў вайны і маладых сталіністаў. Яны ішлі па вуліцах горада з плякатамі «Далоў НАТО», «Амэрыканцы, прэч адсюль з Грузіі», «Мы стаміліся ад пустых абяцаньняў Эўропы». Дэманстранты несьлі чырвоныя сьцягі з сярпом і молатам, забароненыя ў Грузіі, але паліцыя ніяк не ўмешвалася ў разьвіцьцё падзей. Падышоўшы да цэнтра Горы, маніфэстанты ўсталявалі там бюст Іосіфа Сталіна, які, зрэшты, неўзабаве быў зьняты паліцыяй.