У Тбілісі ў ноч на 9 траўня невядомыя размалявалі некалькі матацыклаў расейскіх турыстаў у колеру ўкраінскага сьцяга. Як паведамляе тэлекампанія «Руставі-2», матацыклы былі прыпаркаваны каля гатэляў, дзе спыніліся турысты. Па словах расейцаў, яны прыехалі ў Грузію ў рамках турнэ і ня маюць ніякага дачыненьня да байкерскага клюбу «Начныя ваўкі».
З раніцы суботы грузінскія байкеры дзяжураць ля парка Ваке ў Тбілісі, каб не ўпусьціць туды «начных ваўкоў». Маладыя людзі заявілі, што ўпусьцяць расейскіх байкераў у парк толькі ў тым выпадку, калі яны здымуць зь сябе георгіеўскія стужачкі і перад наведваньнем Магілы Невядомага салдата пабываюць на месцы мэмарыяла памяці герояў, якія загінулі за тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі.
На мінулым тыдні актывісты арганізацыі «Свабодная зона» ў Тбілісі прымусілі двух расейцаў ўласнаручна зрэзаць з матацыклаў георгіеўскія стужачкі. Пазьней праваахоўныя органы Грузіі затрымалі двух актывістаў арганізацыі.