«Як годна жыць, калі заробак — 2 мільёны?»

У Слоніме грамадзкія актывісты стварылі ініцыятыву «Народны кантроль» і зьбіраюць подпісы супраць дэкрэту аб дармаедах. Яны патрабуюць, каб улады спачатку далі людзям працу і годны заробак, а толькі потым спаганялі з тых, хто ня хоча працаваць. Подпісы зьбіраюць каля 20 чалавек.

Слонім — адзіны горад у Гарадзенскай вобласьці, дзе актывісты зьбіраюць подпісы супраць дэкрэту Лукашэнкі аб дармаедах. Актывіст Іван Бедка апавядае, што ініцыятыва зьбіраць подпісы належыць самім гараджанам.

У тэксьце, пад якім людзі падпісваюцца, сказана, што найперш людзі патрабуюць, каб у горадзе стварылі годныя працоўныя месцы, з добрымі заробкамі, а потым прыцягвалі да адказнасьці тых, хто ня хоча працаваць. Бедка кажа: нават не спадзяваўся, што столькі людзей самі выявяць жаданьне зьбіраць подпісы:

«Уладкавацца на працу ў Слоніме вельмі складана, практычна немагчыма. Да ўсяго, амаль паўсюль зьмяншаюцца заробкі. Днямі я размаўляў са спадаром, які працуе на КБЗ — ён кажа, што ў іх заробак зьнізіўся да двух з паловай мільёнаў. Людзі выказваюць незадавальненьне, а дырэктар адказвае: ідзіце шукайце іншае месца. А іншых месцаў у Слоніме няма. А тут яшчэ прымаюць закон аб дармаедах. І што людзям рабіць?»

Вось подпіс ставіць жанчына, кажа, што ўжо на пэнсіі, дэкрэт аб дармаедах не падтрымлівае, бо на ўласным вопыце бачыць, што гэта зьдзек зь людзей. Ейны сын з усіх сіл пнецца, каб пракарміць сям’ю, а працы нармальнай знайсьці ня можа:

«Вы ведаеце, як складана цяпер знайсьці працу — гэта самая вялікая праблема. У мяне сын у такой сытуацыі, у яго трое дзетак, іх трэба неяк карміць, старэйшая паступае вучыцца, а за што яе вучыць? За два мільёны, якія ён атрымлівае на прадпрыемстве? Ну гэта ж немагчыма. І такая сытуацыя ў кожнай другой сям’і. Едуць рабіць то ў Маскву, то ў Менск, альбо наагул далёка за мяжу, каб неяк зарабіць і вывучыць дзяцей. Бо за нашы заробкі аплаціць вучобу нерэальна».

А вось пачалася дыскусія, спадары выказваюць супрацьлеглыя думкі пра дэкрэт аб дармаедах. Усё ідзе вельмі карэктна, ніхто нікога не перабівае, усё выслухоўваецца. Але відавочна, што кожны застаецца пры сваёй думцы.

— Так, подпіс я стаўлю і нават раней ставіў у электронным выглядзе. Наагул, я лічу гэты дэкрэт абсурдам, папросту выбіваньнем грошай зь людзей, якія працуюць за мяжой. Але якія яны дармаеды, калі працуюць у поце чала, як наагул іх можна называць такімі словамі? Усіх хочуць зачасаць пад адзін грэбень.

— А я думаю, што дэкрэт нармальны, бо разьвялося шмат людзей, якія наагул ня хочуць працаваць. Яны бічуюць, злоўжываюць алькаголем. А трэба, каб працавалі хоць трохі.

Да іх размовы далучаецца яшчэ адзін спадар, ён толькі што паставіў свой подпіс.

— Вы спачатку прапануйце людзям працу, а потым накладайце штрафы. Людзі хочуць працаваць, але дзе? Стаяць на біржы, а працы няма. А чалавеку з высокай кваліфікацыяй ісьці капаць траншэі альбо каменьне зьбіраць у калгасе — гэта ня выйсьце.

Спадар Сяргей на дадзены момант таксама беспрацоўны, жыве з таго, што трымае ў вёсцы гаспадарку. Прачытаў у газэце аб’яву і далучыўся да тых, хто зьбірае подпісы. Распавядае, што пражыць цяпер складана і ў вёсцы, і ў горадзе. Маўляў, паехаць на працу ў горад — аддай палову заробку на паліва. А яшчэ трэба дапамагчы дачцэ, якая вучыцца. То на сям’ю больш нічога не застаецца. Ён увогуле не разумее, як улады маглі прыняць такі дэкрэт:

«Ну як такое можа быць, што зь людзей хочуць браць грошы проста за паветра? Як такое можа быць? Пуцін кажа, што трэба весьці барацьбу зь беднымі, а тут з самых бедных хочуць драць грошы. Ну як такое можа быць? І як тут можна стаць багатым? У нас тут усе бедныя. Багатыя толькі дырэктары, бо рабочы атрымлівае два мільёны, а дырэктар — 50. І як такое можа быць? А потым вылічваюць сярэднюю і кажуць, што ўсе па 5 мільёнаў атрымліваюць».

Тэкст, пад якім слонімцы падпісваюцца супраць дэкрэту аб дармаедах

Спадар мне распавядае, што многія людзі згодныя зь ягонай пазыцыяй, але подпіс свой ставіць баяцца, і гэта яго найболей зьдзіўляе. Кажа, што імкнецца з такімі людзьмі размаўляць, але безвынікова:

«Ва ўсіх краінах, калі вы бачыце ў навінах, як толькі зьніжаюць заробкі, адразу людзі выходзяць на вуліцу з пратэстам, і зь імі складана нешта зрабіць, бо ўсіх ня звольніш. А ў нас усім зьнізілі заробак, і ўсе далей гэтаксама працуюць, і яны колькі захочуць, столькі і заплацяць. Заўтра скажуць — давайце яшчэ па мільёну зьнізім, і зьнізяць, а ўсе далей будуць працаваць».

Спадар інтэлігентнага выгляду таксама паставіў подпіс. Ён кажа, што ў прынцыпе, так ці інакш, усе людзі плоцяць падаткі, бо тыя закладзеныя ў тавары, якія прадаюцца ў крамах, у паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, і г.д. А тое, што дзяржава хоча яшчэ прымусова забіраць грошы, — гэта, на ягоную думку, парушэньне правоў чалавека:

«Уладам трэба іншыя шляхі шукаць, каб заахвочваць людзей да працы. Трэба даць ім магчымасьць працаваць, а ня проста дэкляраваць, што кожны мае права на годнае жыцьцё... Але калі заробак у цябе 2 мільёны, то як годна ўтрымаць сваю сям’ю? Людзі жывуць ад заробку да заробку, і то не хапае...»

У цэнтры Слоніма

Спадар Бедка кажа, што подпісы мяркуюць накіраваць у Савет міністраў, Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама ў Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам. Я цікаўлюся ў яго — ці маеце спадзяваньне, што з гэтага будзе хоць які плён?

Бедка: «Насамрэч у нашай дзяржаве такія акцыі плёну не даюць, бо звычайна ў лепшым выпадку людзі атрымліваюць толькі адпіскі ад уладаў. Але мы робім гэта дзеля таго, каб паказаць, што насамрэч патрэбна для народа, а ня тыя законы, якія яны прымаюць — і ў выніку працаваць няма дзе і выплочваць падаткі ня будзе з чаго».