Пяць гадоў пазбаўленьня волі за карупцыю атрымала расейская чыноўніца

Яўгенія Васільева

Прэсьненскі суд Масквы прысудзіў галоўную фігурантку справы «Абаронсэрвісу» Яўгенію Васільеву да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Яшчэ чацьвёра фігурантаў справы атрымалі тэрміны ад трох з паловай да чатырох гадоў і трох месяцаў пазбаўленьня волі.

Усе асуджаныя былі ўзятыя пад варту ў залі суду, паведамляе карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода.

Раней сёньня суд зьняў з Васільевай абвінавачаньне ў крадзяжы на суму два мільярды рублёў, адначасова прызнаўшы яе вінаватай у махлярстве і адмываньні грошай.

Як адзначае расейскі «Інтэрфакс», тэрмін адбыцьця пакараньня Яўгеніі Васільевай, паводле выраку суду, вылічаецца з моманту ўзяцьця пад варту, але пры вызначэньні працягласьці пакараньня будзе ўлічаны тэрмін, праведзены ёю пад хатнім арыштам. Васільева з лістапада 2012 году знаходзілася пад хатнім арыштам.

Паводле вэрсіі сьледзтва, кіраўнік дэпартамэнту маёмасных адносін Мінабароны Расеі Яўгенія Васільева праз структуры «Абаронсэрвісу» прадала шэраг аб’ектаў нерухомасьці ведамства па заніжаным кошце.

У кастрычніку 2012 году па фактах махінацый у кампаніі «Абаронсэрвісу» было ўзбуджана некалькі крымінальных справаў. У сувязі з гэтым сваіх пасадаў пазбавіліся некалькі высокіх чыноўнікаў, у тым ліку міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў.