Кіеў: пажар у зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС ліквідаваны

Экстранныя службы заяўляюць, што радыяцыйны фон у межах нормы.

Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях Украіны паведаміла аб ліквідацыі буйнога ляснога пажару ў зоне адчужэньня аварыйнай Чарнобыльскай АЭС.

У ведамстве адзначылі, што радыяцыйны фон на месцы пажару знаходзіцца ў межах нормы.

Полымя ўспыхнула 28 красавіка. Агонь распаўсюдзіўся на плошчы ў 320 гектараў. Надзвычайнае здарэньне выклікала засьцярогі аб магчымым павышэньні ўзроўню радыяцыі ва Ўкраіне і ў Беларусі.

На барацьбу з агнём былі кінутыя больш як 300 пажарных, задзейнічаныя тры самалёты, гелікоптэр.

26 красавіка споўнілася 29 гадоў зь дня Чарнобыльскай трагедыі, калі выбух на 4-м рэактары АЭС прывёў да радыеактыўнага забруджваньня шырокіх тэрыторый Беларусі, Украіны і Расеі. Аварыя стала найбуйнейшай катастрофай у гісторыі цывільнай ядзернай энергетыкі.

Да гэтага часу працягваюцца працы над узьвядзеньнем бясьпечнага саркафага над аварыйным чацьвёртым блёкам станцыі. Гэтыя працы плянуецца завяршыць да 2017 году.