Папса: апошняя надзея беларушчыны

Ціхан Чарнякевіч

У 1990-я ўсё было ясна: дзе Крыс Кельмі, а дзе ULIS. Цяпер жа ўзьнікаюць нейкія сынтэтычныя монстры, ад якіх немаведама чаго трэба чакаць.

Беларушчына ўсю дарогу трымалася на вастрыі інтэлектуалізму і была дасяжная далёка ня ўсім: самая веда пра Беларусь перадавалася з рук у рукі, з вуснаў у вусны, амаль шэптам, як у старажытных гностыкаў, і была ў аснове сваёй глыбока падпольнай справай, дзе апрыёры не магло быць надта шмат удзельнікаў. Беларусь знаходзілася на адлегласьці, як быццам і невялікай, але патрапіць, паводле Алана Мілна, «у месца, дзе цябе б знайшлі», было дастаткова цяжка, бо за вонкавай афіцыйнай беларушчынай, кшталту вершаў Купалы й Коласа 1900-х гадоў ці паведамленьня «асьцярожна, дзьверы зачыняюцца», быў амаль незаўважны ўзбочны тунэль, уваход у сутарэньні, можна сказаць, бамбасховішчы, дзе ляжалі старыя падшыўкі, нашаніўскія, заходнебеларускія, «узвышэнскія» ці эміграцыйныя кніжкі і там «упоцемках, зь ліхтаром» сядзелі ў лотасе нешматлікія далучаныя, прасьветленыя й абраныя. Прынамсі, так карціна выглядае цяпер.

Беларушчына напластоўвалася, не зьмяняючы агульнага кірунку на элітарнасьць, жывілася мітамі пра старажытных герояў і прарокаў, прырастала імёнамі мінулага, прарывалася ў ягоныя нетры і, дзякуючы Ермаловічу, дасягнула дна: Полацкага княства. Адтуль пайшоў род, корань, зь якога цягнулі свае доўгія рукі адгалінаваньні, утварылася нацыянальная канцэпцыя гісторыі – праз крывічоў, вялікіх князёў і ліцьвінскіх шляхціцаў, нашчадкамі якіх сталіся Багушэвіч, Луцкевіч, Іваноўскі і ледзь ня ўсе першыя беларускія ідэолягі ХХ стагодзьдзя. Пласты жывіліся адно адным і перадавалі эстафэту: нашаніўцы трызьнілі Вялікім Княствам, эміграцыя трызьніла нашаніўствам і ўзвышэнствам, васьмідзясятнікі – эміграцыяй, узвышэнствам, нашаніўствам і Вялікім Княствам.

Здавалася, што так можа працягвацца да бясконцасьці. Самая мэтода падпольля і схаванасьці ад паспалітага люду працавала выдатна: флёр таемнай веды, рамантыка першаадкрывальніка – Калюмба беларушчыны, якая спасьцігала кожнага нэафіта, туманіла галаву і запалоньвала назаўжды. Ці, прынамсі, надоўга. Ты нібыта прылятаў жыць на іншую плянэту, няхай быў ты не адзін, а з парай-тройкай надзейных сяброў.

Пасьля прыходу Лукашэнкі ў гэтым мэтадзе прырастаньня беларушчыны кардынальна нічога не зьмянілася. Ну, хіба сталі даступнейшымі сякія-такія кніжкі гераічных 1910-х – 1920-х, перавыдадзеныя ў кароткі час постсавецкай адлігі. Аднак разам зь імі праніклі ў шырыню народных масаў «Сьнікерсы», пампэрсы і гіпсакардоны. Няцяжка здагадацца, што пераважыла на шалях – факсымільнае выданьне зборніка «Рунь» ці шрубакрут на батарэйках. Дый веда, якая была даступная толькі абраным, паступова пераехала на прасторы інтэрнэту, і, каб пачытаць «Гісторыю крыўскай кнігі» ці «Крывіч» Ластоўскага, дастаткова троххвіліннага гугл-сёрфу.

Новая мэтадалёгія беларушчыны – адмаўленьне ад перадачы веды шэптам. Замест мэтафізыкі – піяр і маркетынг, вышыванкі, дуда й саксафон. Унутраная, «гнастычная» беларушчына не патрабавала вонкавай прыналежнасьці і маркіраванасьці (хоць у нейкі непрацяглы пэрыяд модна было насіць бел-чырвона-белы значак (шаўрон) на швэдры, куртцы ці заплечніку). У адрозьненьне ад «нацдэмаў-гностыкаў», прапагандысты папсовай беларушчыны бягуць ад усялякага занурэньня ў глыбіні беларускай сьведамасьці, вызнаючы іх за нефармат. Маўляў, для перадачы эстафэты/традыцыі трэба проста «аддаць палачку», і наступны пабяжыць зь ёю аж на край сьвету. Зрэшты, а нашто яму наагул бегчы, некуды занурацца, чытаць «кандыдацкі мінімум», які раней быў неабходны для ініцыяцыі? Ня тыя гады. Keep calm і атрымлівай кайф ад сваёй беларускасьці – мысьлі пазытыўна, усьміхайся на ўсе трыццаць восем. «Дзе ж вашы ручкі?»

А можа, так і трэба? Халера яго ведае... Смуткую па мінулых часах. П’ю каву. Перачытваю Абдзіраловіча.