Ужо сёньня, 28 красавіка: 115 гадоў з дня сьмерці Францішка Багушэвіча

Першыя рыбаловы на Нёмане. Травень, 2013

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ФОТА ДНЯ

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 ці на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

АФІША

У Марыян-Гаўзе ў Лёндане адбудзецца разьвітаньне з Апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўніком Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане айцом Аляксандрам Надсанам, які памёр 15 красавіка.

У офісе АГП (вул. В. Харужай, 22-1701) пройдзе прэс-канфэрэнцыя па выніках Палітрады АГП «Аб выкананьні рашэньня зьезду АГП ад 31 траўня 2014 г. аб удзеле ў «выбарчай кампаніі-2015». Удзельнічаюць: Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Леў Марголін, Аляксандар Дабравольскі і іншыя сябры Палітрады АГП. Пачатак у 14.30.

У рамках выставы «Менск. Нонканфармізм 1980-x» у Галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя альбома беларускага фатографа Ігара Саўчанкі «Забытае галоўнае». Пачатак у 19.00.

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыцьцё выставы «Алесь Петрашкевіч. Напісанае застаецца ...», прысьвечанай 85-годзьдзю з дня нараджэньня беларускага гісторыка, драматурга, публіцыста, сцэнарыста і грамадзкага дзеяча Алеся Петрашкевіча. Месца правядзеньня — Літаратурны музэй Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30). Пачатак у 17.00.

У офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца паказ польскага дакумэнтальнага фільму «Кроў на Бруку. Горадня 1939» сцэнарыста і рэжысэра Робэрта Мэнкуса, прысьвечанага гісторыі абароны гораду на Нёмне ў верасьні 1939 году. Пачатак у 18.30.

У Нацыянальным прэс-цэнтры адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Дню Незалежнасьці Дзяржавы Ізраіль з удзелам Іосіфа Шагала — пасла Ізраілю ў Рэспубліцы Беларусь. Пачатак у 12.30.

У ГІСТОРЫІ

1918 — Народны Сакратарыят Беларусі зацьвердзіў беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай i абавязковай у БНР i прыняў пастанову пра адкрыцьцё ў Менску ўнівэрсытэту.

1954 — БССР уступіла ў Сусьветную арганізацыю працы.

1996 — у Менску пачалася драматычная галадоўка кіраўнікоў БНФ Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка. Дзень перад тым яны былі інтэрнаваныя ў менскім СІЗО на вуліцы Валадарскага за арганізацыю Чарнобыльскага Шляху. Зьняволеньне Хадыкі і Сіўчыка цягнулася каля месяца.

У гэты дзень нарадзіліся:

1859 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

1924 — Данатас Банёніс, літоўскі актор.

1953 — Валянціна Аксак, беларуская паэтка.

1956 — Антаніна Хатэнка, беларуская паэтка.

У гэты дзень памерлі:

1864 — Міхал Аскерка, лекар, удзельнік паўстаньня 1863-1864.

1900 — Францішак Багушэвіч, паэт, празаік, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863–1864.

ЦЫТАТА ДНЯ

«Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...»

Мацей Бурачок (Францішак Багушэвіч). З прадмовы да «Дудкі беларускай»