Жанчына, якой касірка памылкова выдала лішнія $1625, вярнула грошы ў банк

Жанчына, якая атрымала ад касіркі абменьніка памылкова лішнія $1625, вярнула грошы ў банк, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.

16 красавіка менская міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што ў Фрунзэнскае РУУС сталіцы зьвярнулася касірка абменнага пункта ў адной з крамаў на вуліцы Ляшчынскага з просьбай аказаць дапамогу ва ўстанаўленьні асобы невядомай жанчыны, якой яна памылкова выдала буйную грашовую суму.

Як піша БелаПАН, жанчына канвэртавала 10 тысяч расейскіх рублёў на даляры ЗША. Касірка замест патрэбных $180,5 выдала кліентцы $1805. Жанчына забрала грошы і пайшла. У канцы працоўнага дня касірка заўважыла нястачу.

Пасьля апублікаваньня ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце інфармацыі наконт гэтага жанчына, якая атрымала лішнія грошы, вярнула іх у банк. Яна сказала, што, атрымаўшы грашовыя сродкі, не пералічыла іх і паклала ў торбу. Толькі празь некалькі дзён, убачыўшы сябе па тэлебачаньні, заўважыла, што атрыманая сума значна вышэйшая за тую, якая павінна была быць.