На экскурсію ў інвалідным вазочку ФОТА

Студэнт другога курсу гістфаку, вазочнік Кірыл Барысаў другі раз у жыцьці трапіў на экскурсію.
У межах шостага «Фэсту экскурсаводаў», які адбыўся 18-19 красавіка, у цэнтры Менску прайшла экскурсія для людзей з парушэньнямі рухальнага апарату — «Плошча Незалежнасьці даступна», якую ладзіць Людміла Скрадаль, кіраўнік праграмы «Мівія», што займаецца распрацоўкай адаптаваных пад патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі экскурсійных праграм.

Экскурсія цікавая для любога наведніка — Людміла распавядае, як гарадзкія ўлады забаранілі звон гадзіньніка на Галоўпаштампце, які абутак выраблялі ў будынку, на месцы сучаснага гатэлю «Менск», як выглядала вуліца з даходнымі дамамі, у якіх зараз знаходзіцца Міністэрства архітэктуры і горадабудаўніцтва, каму прадавалі сукенкі ў краме, што месьцілася, дзе цяпер Менгарвыканкам. Усе аб’екты побач, каб іх агледзець, дастаткова проста паварочвацца ў розныя бакі: Музэй кіно, Пішчалаўскі замак, былая Трубная вуліца, Чырвоны касьцёл, Дом ураду, Беларускі дзяржаўны пэдаганічны ўнівэрсытэт...

​

Другакурсьнік гістарычнага факультэту Беларускга дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які ад нараджэньня пакутуе на дзіцячы цэрэбральны параліч, Кірыл Барысаў кажа да гэтага на экскурсіі быў толькі аднойчы — у нядаўна пабудаваным музэі Вялікай Айчыннай вайны. Юнак прызнаецца, што мала наведвае публічныя месцы, але хоча схадзіць у Нацыянальную бібліятэку, дзе таксама прадугледжаныя пандусы для інвалідаў-вазочнікаў.

Тата Кірыла Ўладзімер Барысаў, які суправаджае сына падчас выхадаў у горад, кажа, што праблема адсутнасьці безбар’ернага асяродзьдзя вельмі актуальная для старых будынкаў — у тых, што будуецца апошнім часам, улічваюцца патрэбы людзей з рознымі абмежаваньнямі:

«Мы схадзілі ў музэй Вялікай Айчыннай вайны, там усё прадугледжана. Але трапіць у Нацыянальны мастацкі музэй на вазку немагчыма. Ды і што пра музэі казаць. Гістарычны факультэт БДУ, дзе навучаецца Кірыл, знаходзіцца ў старым будынку, дык там яго на другі, трэці ці чацьвёрты паверхі трэба на руках падымаць».

Дарэчы, у Доме ўраду, каля якога спыняецца экскурсавод, з даваеннага часу разьмяшчаўся Вярхоўны Савет БССР. Сярод дэпутатаў былі і дэпутаты ад Беларускай арганізацыі інвалідаў. Як прыгадваюць дэпутаты апазыцыі, сярод дэпутатаў-інвалідаў былі і тыя, хто цягам усёй кадэнцыі Вярхоўнага Савета засьведчыў свае дэмакратычныя перакананьні — напрыклад, дэпутат Міхаіл Каўбаска, які падпісваў шмат якія заявы Апазыцыі БНФ. Каўбаска ўдзельнічаў у працы сэсіі ў вазку. Адмыслова для яго і яшчэ некалькіх дэпутатаў-вазочнікаў іх месцы ў Авальнай залі былі абсталяваныя адпаведным чынам. Менавіта ў пачатку 90-ых быў прыняты пакет заканадаўчых актаў аб правах людзей з абмежаваньмі фізычнымі магчымасьцямі.

Пачатак страйку менскіх рабочых, 3 красавіка 1991 году

Людміла Скрадаль пацьвярджае, што найбольш праблема безбар’ернага асяродзьдзя тычыцца старых будынкаў. І дадае, што экскурсаводы ў Беларусі распрацоўваюць спосабы зрабіць экскурсійныя праграмы даступнымі для людзей з асаблівасьцямі:

«Экскурсія „Плошча Незалежнасьці даступна“ ладзіцца як для інвалідаў-вазочнікаў, так і для сьляпых людзей, для якіх распрацаваная тактыльная мапа з копіямі архітэктурных помнікаў. Вядома, ёсьць важнае пытаньне з падрыхтоўкай экскурсаводаў. Але ўжо каля году праводзяцца курсы ў Інстытуце турызму, скіраваныя на дыфэрынцыяванае экскурсійнае абслугоўваньне. Вельмі спадзяюся, што яшчэ праз год, падчас чарговага „Фэсту“ экскурсаводаў» праграм для інвалідаў стане яшчэ больш».