Начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Украіны ўпершыню назваў некалькі вайсковых частак, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны і якія ўдзельнічаюць у баях на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Генэрал Віктар Мужэнка заявіў у інтэрвію, апублікаваным міністэрствам абароны Ўкраіны 18 красавіка, што рэгулярныя расейскія войскі ўсё яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, нягледзячы на пагадненьні аб спыненьні агню, падпісаныя ў лютым і якія прадугледжваюць адвод замежных вайскоўцаў ад лініі судакрананьня.
Расея неаднаразова адхіляла заявы Кіева і заходніх краінаў аб тым, што Масква ўзбройвае і накіроўвае войскі для аказаньня дапамогі сэпаратыстам, якія ўстанавілі кантроль над некаторымі раёнамі на ўсходзе Ўкраіны.
«Украінская праўда» цытуе начальніка Генштаба Ўкраіны, які, у прыватнасьці, сьцьвярджае, што рэгулярныя часткі расейскай арміі працягваюць знаходзіцца ва Ўкраіне — напрыклад, гэта 15-я асобная мотастралковая брыгада 2-й арміі Цэнтральнай ваеннай акругі, 8-я асобная мотастралковая брыгада, 331-й паветрана-дэсантны полк з Кастрамы і іншыя. Па словах Мужэнкі, ўкраінскае камандаваньне мае сьпіс усіх расейскіх ваенных частак, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Ўкраіны, валодае зьвесткамі аб іх дыслякацыі, колькасьці і ўзбраеньні.
Начальнік Генштабу Ўкраіны сказаў, што «мае доказы» удзелу расейскіх войскаў у трох баявых апэрацыях на ўсходзе Ўкраіны ў лютым, уключаючы жорсткія баі ў Дэбальцеве — важным чыгуначным вузьле, цяпер кантраляваным сэпаратыстамі.