Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
«Сакавік быў няпросты ў частцы цэнаўтварэньня на дадзеную прадукцыю. Разам з тым у цяперашні час яе адгрузкі ў Расею вядуцца згодна з раней падпісанымі з расейскім Мінэнэрга дамоўленасьцямі», — адзначыў прадстаўнік БНК.
У сакавіку Беларусь цалкам прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею, спасылаючыся на іх стратнасьць. «За студзень-люты мы выканалі свае абавязаньні па аб’ёмах паставак на расейскі рынак нафтапрадуктаў. У сакавіку, калі эканоміка паставак зьмянілася, мы скарысталіся папраўкай да гэтых дамоўленасьцяў. Яна прадугледжвае ў выпадку зьніжэньня прыбытковасьці беларускага боку прыпыненьне паставак. У сакавіку паставак не было. Пры ўмове вяртаньня эканамічнай эфэктыўнасьці пастаўкі будуць адноўленыя», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі 18 сакавіка ў Менску старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.
Сёньня міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак заявіў у інтэрвію газэце «Ведомости», што Расея можа зьнізіць аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь.
«Паводле дамовы ў выпадку недапаставак у Расею беларускага аўтабэнзіну больш як на 10% ад прадугледжаных графікам аб’ёмаў мы маем права зьнізіць пастаўкі нафты — суадносіны 1:5. Як толькі пастаўкі аўтабэнзіну адновяцца, адновяцца і пастаўкі нафты. Усе разьлікі павінны быць пацьверджаныя дакумэнтальна, рызыка канфліктных сытуацыяў мінімальная. Да таго часу, пакуль ня будзе завершана мадэрнізацыя нашых НПЗ, мы разьлічваем на аб’ёмы нафтапрадуктаў зь Беларусі», — сказаў Новак.