Узгараньне адбылося на суднарамонтным заводзе «Зорачка» ў Северадзьвінску, што ў Архангельскай вобласьці.
Паведамляецца, што на падводнай лодцы няма боепрыпасаў.
«Плошча пажару складае 20 квадратных мэтраў, гарыць уцяпляльнік паміж трывалым і лёгкім карпусамі лодкі», — піша расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на РИА Новости.
Як паведамляецца, узгараньне адбылося пры правядзеньні зварачных работ. Падводная лодка знаходзіцца ў сухім доку.
Паводле зьвестак інфармацыйнага агенцтва FlashNord, гарыць атамны падводны ракетны крэйсэр К-266 «Арол». Ён уваходзіць у склад 11-й дывізіі падводных лодак Паўночнага флоту.
Перадаць падводную лодку марскому флёту плянавалася ў 2016 годзе.
Атамная падводная лодка «Арол» была пабудавана на северадзьвінскай суднавэрфі «Севмаш». У склад флёту яна ўвайшла 5 лютага 1993.