Данецкая міліцыя ідэнтыфікавала падбухторшчыка беспарадкаў у Канстанцінаўцы

(фото: facebook.com/vladymyr.berezin)

Хваляваньні пачаліся пасьля таго, як у панядзелак днём ваенная машына зьбіла жанчыну з двума дзецьмі. У выніку загінула 8-гадовая дзяўчынка.

Украінская міліцыя ідэнтыфікавала асобу, якая ініцыявала пратэсты супраць вайскоўцаў у Канстанцінаўцы, — паведаміў намесьнік кіраўніка міліцыі Данецкай вобласьці Ільля Ківа.

Хваляваньні пачаліся пасьля таго, як у панядзелак днём ваенная машына зьбіла жанчыну з двума дзецьмі. У выніку загінула 8-гадовая дзяўчынка.

Пасьля гэтага ў сацсетках зьявіліся паведамленьні, што жыхары Канстанцінаўкі зладзілі акцыю пратэсту каля будынкаў, дзе жывуць вайскоўцы.

«Асоба, вінаватая ў пачатку беспарадкаў, ідэнтыфікаваная. Вядуцца апэратыўныя дзеяньні, у бліжэйшы час ён будзе затрыманы», — напісаў Ківа на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Ён таксама заклікаў мясцовых жыхароў не паддавацца на правакацыі сэпаратыстаў, якія, па яго словах, выкарыстоўваюць любую сытуацыю для дэстабілізацыі абстаноўкі.

Кіраўнік абласной міліцыі паведаміў аб затрыманьні двух вайскоўцаў.