Абама і Туск заявілі аб адзінстве ЗША і Эўропы перад абліччам расейскай агрэсіі

Як падкрэсьліў прэзідэнт Абама, трансатлянтычны саюз ніколі яшчэ ня быў такім моцным, як сёньня — ва ўмовах супрацьстаяньня Захаду расейскай агрэсіі ў адносінах да Ўкраіны.

З гэтай заявай прэзідэнт ЗША выступіў у панядзелак, перад пачаткам перамоваў са старшынём Эўрапейскай рады Дональдам Тускам.

Прымаючы былога прэм’ер-міністра Польшчы ў Белым доме, Барак Абама ахарактарызаваў буйнамаштабныя задачы, якія стаяць перад заходнімі краінамі — у першую чаргу ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне.

«Усе мы напоўненыя рашучасці абараніць асноўныя прынцыпы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, якім пагражае расейская агрэсія, — адзначыў Абама. — Нам удалося забясьпечыць адзінства і згуртаванасьць у тым, што тычыцца санкцыяў».

Дэманстрацыя гэтага адзінства мае вырашальнае значэньне, паколькі, згодна з паведамленьнямі афіцыйных асоб, Расея і падтрымоўваныя ёю сэпаратысты па-ранейшаму парушаюць Менскае пагадненьне аб спыненьні агню, і на ўсходзе Ўкраіны не спыняецца гвалт, заявіў Абама.

У панядзелак старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што сёньня, як ніколі, неабходна адзінства паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі.

Паводле яго слоў, сьвет стаў сьведкам замаху на фундамэнтальныя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і геапалітычнага сусьветнага парадку.

«Мы бачым з усёй відавочнасьцю, што яны імкнуцца раскалоць адзінства Эўропы і ўнесьці раскол у адносінах паміж Эўропай і Амэрыкай. Але калі мы адзіныя, мы зможам даць адпор агрэсіўнай палітыцы Расеі», — канстатаваў Туск.

Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз сумеснымі намаганьнямі ўвялі санкцыі супраць Расеі, якія, як лічаць аналітыкі, у значнай ступені адмоўна паўплывалі на стан расейскай эканомікі.

Аднак тыя, хто крытыкуе зьнешнюю палітыку адміністрацыі Абамы, патрабуюць прыняць больш рашучыя захады ў дачыненьні да Расеі і падтрымоўваных ёю сэпаратыстаў, уключаючы аказаньне Ўкраіне ваеннай дапамогі, чаго прэзыдэнт Абама пакуль рабіць ня схільны, паведамляе «Голас Амэрыкі».