Кадыраў назваў абвінавачанага ў забойстве Нямцова «сапраўдным патрыётам Расеі»

Трое падазраваных у забойстве Барыса Нямцова

Двое зь іх, як мяркуецца, былі затрыманыя ў Інгушэціі 5-га і 6-га сакавіка, трое — 7-га і 8-га. Адзін з затрыманых, Заур Дадаеў, выявіўся былым вайскоўцам батальёна «Поўнач», створанага ў 2006 годзе пад патранажам прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава, і кавалерам расейскага ордэну Мужнасьці. Раніцай у нядзелю ў Грозным была спроба затрымаць яшчэ аднаго падазраванага, якая скончылася няўдачай: ён загінуў ад асколка кінутай ім самім гранаты. Дадаеў арыштаваны да 28 красавіка, судзьдзя заявіла, што ён прызнаў сваю датычнасьць да забойства. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў ўвечары ў нядзелю напісаў у Інстаграме, што выдатна ведаў Дадаева, лічыць таго «сапраўдным патрыётам Расеі» і ведае, што ён быў абражаны карыкатурамі на прарока Мухамеда ў часопісе «Шарлі Эбдо». Сьледам за гэтым агенцтва «Росбалт» распаўсюдзіла словы ананімнай крыніцы ў праваахоўных органах аб тым, што сам Дадаеў у сваім прызнаньні прама сказаў аб тым, што матывам забойства Нямцова паслужылі нейкія «нэгатыўныя выказваньні аб мусульманах, зробленыя палітыкам». Гэтыя заявы цалкам адпавядаюць адной з трох вэрсій, аб якіх прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Ўладзімер Маркін гаварыў зь першых дзён пасьля забойства. Паплечнікі Нямцова настойваюць на дбайным расьсьледаваньні ўсіх магчымых вэрсій.

Заур Дадаеў

У адрозненьне ад Дадаева, чацьвёра падазраваных сваю віну прызнаваць адмовіліся і выказалі нязгоду з патрабаваньнем пракуратуры іх арыштаваць, але таксама былі зьмешчаныя пад варту. Двум з пяці арыштаваных, Дадаеву і Анзору Губашаву, афіцыйна прад’яўленыя абвінавачваньні ў забойстве і незаконным захоўваньні зброі. Адвакаты маюць намер абскардзіць рашэньне суду аб арышце, пракурор у судзе казаў пра магчымасць новых затрыманняў.

Яшчэ днём 7 сакавіка аб затрыманьні двух падазраваных у выпуску навінаў расейскага «Першага канала» паведаміў кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў. Адразу ж былі названыя імёны і прозвішчы: Анзор Губашаў і Заур Дадаеў. Пазьней стала вядома, што затрыманыя яны былі ў розныя дні, 6 і 5 сакавіка адпаведна, у розных раёнах Інгушэціі. Пра гэта распавёў выданьню «Каўказскі вузел» выканаўца абавязкаў сакратара Савета бясьпекі Інгушэціі Альбэрт Барахаеў. Ён жа згадаў трэцяга затрыманага — разам з Анзорам Губашавым быў затрыманы ягоны брат Шахід Губашаў, і растлумачыў, што браты Губашавы зьяўляюцца стрыечнымі братамі Дадаева. Разам з тым РІА «Новості» са спасылкай на прадстаўніка Савета бясьпекі Інгушэціі паведаміла пра тое, што і разам з Заурам Дадаевым быў затрыманы чалавек, які знаходзіўся зь ім у машыне.

У Басманны суд Масквы учора даставілі ня чатырох, а пецярых падазраваных па гэтай справе — акрамя Заура Дадаева і братоў Анзора і Шахіда Губашавых на лаўцы зьявіліся Хамзат Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў. Адзін зь іх можа быць тым самым чалавекам, аб затрыманьні якога ў машыне разам з Заурам Дадаевым паведамлядася раней.

Суд разглядаў асобна справы Заура Дадаева і Анзора Губашава, асобна — Шахіда Губашава, Тамерлана Эскерханава і Хамзата Бахаева. Першым двум былі прад’яўленыя абвінавачваньні па артыкулах «забойства, зьдзейсьненае арганізаванай групай з карысьлівых меркаваньняў або па найму» і «незаконнае захоўваньне або перавозка зброі».

На іншым пасяджэньні суду, па справах Шахіда Губашава, Эскерханава і Бахаева, пракурор патлумачыў, што затрыманыя яны былі 7 і 8 сакавіка. Гэта абвяргае словы Альберта Барахаева аб тым, што Анзор Губашаў быў затрыманы разам са сваім братам 6 сакавіка. Ніхто з гэтай тройкі сваю віну не прызнаў. Шахід Губашаў сказаў, што «не рабіў злачынства, мае язву дванаццаціперснай кішкі», Эскерханаў «знаходзіўся падчас злачынства на працоўным месцы».

Паводле Хамзата Бахаева, ён «ні ў якой меры ня ўдзельнічаў у гэтым, ні адным рухам, ні пра што ня ведаў, знаходзіўся дома, калі прыехалі супрацоўнікі, не спрабаваў уцячы». Бахаеў дадаў, што зьяўляецца адзіным карміцелем шасьцярых дзяцей. Нягледзячы на гэта, суд арыштаваў ўсіх траіх: Шахіда Губашева да 7 траўня, Тамерлана Эскерханава і Хамзата Бахаева да 8-га.

Выступаючы на гэтым пасяджэньні суду, пракурор заявіў, што пакуль устаноўленыя і затрыманыя «ня ўсе саўдзельнікі злачынства». Анзор Губашаў на судзе, які праходзіў паралельна, не прызнаў віну, адкінуўшы абвінавачваньні. На яго твары і запясьці карэспандэнты ў залі суду заўважылі ранкі. Толькі Заур Дадаеў прызнаўся ў датычнасьці да злачынства, хоць вядома пра гэта толькі са слоў судзьдзі, які спасылаецца на дадзеныя прызнальныя паказаньні. Дадаеў, калі верыць сведчаньням рэпартэраў, якія працавалі ў залі, быў ня вельмі падобны на чалавека, які прызнаўся ў забойстве.

Анзор Губашаў

Заур Дадаеў і Анзор Губашаў былі арыштаваныя судом да 28 красавіка. Нягледзячы на тое, што чацьвёра падазраваных былі затрыманыя ў Інгушэціі (пра тое, дзе быў затрыманы пяты, пакуль не паведамляецца), усе яны зьяўляюцца этнічнымі чачэнцамі. Апошнія 10 гадоў ніхто з затрыманых па месцы прапіскі не пражываў.

Заур Дадаеў апошнія 10 гадоў служыў у батальёне «Поўнач» (створаны ў 2006 годзе пад асабістым патранажам прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава, камандзір — Алібэк Дэлімханаў, герой Расеі, брат бліжэйшага паплечніка Рамзана Кадырава Адама Дэлімханава). Гэты батальён структурна ўваходзіць у 46-ю Асобную брыгаду апэратыўнага прызначэння Ўнутраных войскаў МУС РФ. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў назваў Заўрыха Дадаева «сапраўдным патрыётам Расеі»:

«Басманны суд Масквы санкыянаваў арышт Заура Дадаева, падазраванага ў датычнасьці да забойства Барыса Нямцова. Я ведаў Заура, як сапраўднага патрыёта Расеі. Ён зь першых жа дзён стварэньня палка, які ўваходзіць у склад 46-га палка УВ МУС РФ, служыў у ім. Меў званьне „лейтэнант“. Займаў пасаду нам. камандзіра батальёна. Заур быў адным з самых бясстрашных і мужных вайскоўцаў палка. Ён асабліва вызначыўся ў баі паблізу Беноя, калі праводзілася спэцапэрацыя супраць буйной банды тэрарыстаў. Узнагароджаны ордэнам Мужнасьці, медалямі „За адвагу“, » За заслугі перад ЧР«, падзячнымі лістамі кіраўніка ЧР і інш. Я цьвёрда перакананы, што ён шчыра адданы Расеі, быў гатовы аддаць за Радзіму жыцьцё. Мне незразумелыя сапраўдныя прычыны і матывы звальнення Заура з шэрагаў МУС Расеі. Кажуць, тлумачыў хваробай маці. СМІ перадаюць, што Заур ў судзе пацьвердзіў сваю датычнасьць да забойства Барыса Нямцова. Усе, хто ведае Заура, сьцьвярджаюць, што ён зьяўляецца глыбока веруючым чалавекам, а таксама што ён, як і ўсе мусульмане, быў узрушаны дзеяннямі «Шарлі» і камэнтарамі ў падтрымку друкаваньня карыкатур. Я даручыў сакратару Савета бяспекі ЧР Вахіту Ўсмаеву правесьці дбайнае расьсьледаваньне абставінаў звальненьня Заура, вывучыць яго паводзіны, настрой перад сыходам са службы. У любым выпадку, калі суд пацвердзіць віну Дадаева, то, забіўшы чалавека, ён зьдзейсніў цяжкае злачынства. Але хачу зноў адзначыць, што ён ня мог зрабіць і кроку супраць Расеі, дзеля якой шмат гадоў рызыкаваў уласным жыцьцём ".

На афіцыйным сайце кіраўніка Чачэнскай рэспублікі, сапраўды, ёсць спіс, дзе імя і прозвішча Заура Дадаева ў 2010 годзе згадваюцца ў шэрагу узнагароджаных ў гонар 10-годдзя брыгады. Дадаеў быў узнагароджаны ордэнам Мужнасьці, які атрымаў непасрэдна з рук міністра ўнутраных спраў Расеі Рашыда Нургаліева.

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце расейскай службы нашага радыё.