Магутны выбух на шахце ў Данецку

Your browser doesn’t support HTML5

Больш за 30 шахцёраў загінулі ў выніку выбуху на шахце ў Данецку

Як найменей адзін чалавек загінуў у выніку выбуху, які адбыўся 4 сакавіка ноччу на шахце імя Засядзькі, разьмешчанай у кантраляваным групоўкай «ДНР» Данецку.

У момант выбуху пад зямлёй працавалі каля 70 чалавек, перадае агенцтва Reuters са спасылкай на мясцовага супрацоўніка выратавальных службаў.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, больш за 30 чалавек загінулі. Ратавальнікі пакуль не дайшлі да месца выбуху, яны ажыцьцяўляюць дэгазацыю, а потым пойдуць уніз», — сказаў раніцай кіраўнік мясцовай службы па бясьпецы працы гарнякоў Уладзімір Цымбаленка.

Пазьней прадстаўнікі абласной адміністрацыі паведамілі, што пацьверджаная гібель толькі аднаго гарняка, а лёс яшчэ 32 невядомы.

Выбухі, якія адбыліся на шахце імя Засядзькі ў лістападзе 2007 года, забралі жыцьці 106 чалавек. Трагедыі са шматлікімі ахвярамі адбываліся на гэтым прадпрыемстве і раней.

Старшыня Данецкай абласной адміністрацыі Аляксандр Кліменка заявіў, што «ратавальнікі, якія працуюць на тэрыторыі, падкантрольнай ўкраінскай ўладзе, гатовыя ў любы момант выехаць у Данецк для аказаньня дапамогі ў выратаваньні гарнякоў».

Ён адзначыў, што па ўласнай ініцыятыве ў цяперашняй сытуацыі ўехаць на акупаваную тэрыторыю ратавальнікі не могуць.

Прэм'ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк паведаміў, што баевікі групоўкі «ДНР» не пусьцілі на шахту 60 украінскіх ратавальнікаў.

Яцанюк зьвярнуўся да Расеі і папрасіў паўплываць на прарасейскіх сэпаратыстаў, каб яны прапусьцілі на месца аварыі ўкраінскіх ратавальнікаў.