Прафсаюз ЭГУ патрабуе сфармаваць новую камісію па абраньні рэктара

Старшыня прафэсійнага зьвязу працаўнікоў ЭГУ «EHUnion», выкладчык паліталёгіі Канстанцін Ткачоў, спасылаючыся на пастанову кантралёра Літоўскай Рэспубікі па акадэмічнай этыцы і працэдурах, заклікае Агульны сход саўладальнікаў ЭГУ звольніць з пасады сябраў Кіроўнай рады і прэзыдэнта ЭГУ.

Канстанцін Ткачоў нагадвае, што 24 лютага 2015 году ЭГУ прайграў судовы разбор, у якім абскарджваў пастанову Кантралёра Літоўскай Рэспублікі па акадэмічнай этыцы і працэдурах ад 30 красавіка 2014 году, якая прызнала шэраг рашэньняў Кіроўнай рады ЭГУ такімі, што парушаюць Статут і працэдуры ЭГУ. Віленскі акруговы адміністрацыйны суд прызнаў скаргу ЭГУ беспадстаўнай і падтрымаў пастанову Кантралёра па ўсіх пунктах.

«Усе раней адзначаныя экспэртамі і публічна агучаныя праблемы ўнівэрсытэту — адсутнасьць стратэгічнага мысьленьня, аўтарытарны стыль кіраваньня, непразрыстасьць і неэфэктыўнасьць фінансавай палітыкі, непразрыстасьць і дыскрымінацыйны характар кадравай палітыкі датычна грамадзянаў Беларусі, пагаршэньне іміджу ўнівэрсытэту ў Беларусі і ў Літве — дагэтуль застаюцца нявырашанымі», — сьцьвярджаецца ў заяве кіраўніка прафсаюзу.

Канстанцін Ткачоў ад імя Рады прафсаюзу зьвярнуўся да сёньняшняга Агульнага сходу суўладальнікаў ЭГУ з наступнымі прапановамі:

  • спыніць дзейнасьць дзейнай камісіі па адборы кандыдатаў на пасаду рэктара ЭГУ з тае нагоды, што ў яе склад уваходзяць асобы, якія парушалі Статут і працэдуры ЭГУ;
  • не прымаць да ўвагі рэкамэндацыяў гэтай камісіі па пытаньні адбору рэктара ЭГУ;
  • дзеля забясьпячэньня празрыстасьці адбору, распрацаваць, зацьвердзіць і распаўсюдзіць Палажэньне аб выбарах рэктара ЭГУ;
  • сфармаваць новую камісію па адборы кандыдатаў і ўключыць у яе склад міжнародных і беларускіх экспэртаў, а таксама прадстаўнікоў акадэмічнае супольнасьці ЭГУ, забясьпечыўшы незалежнасьць камісіі ад існае сыстэмы кіраваньня ўнівэрсытэтам;
  • на падставе шматразовых парушэньняў статуту і працэдураў ЭГУ звольніць з пасадаў сябраў Кіроўнай рады і прэзыдэнта ЭГУ, вінаватых у згаданых парушэньнях.

Рэакцыі адміністрацыі ЭГУ на заяву лідэра прафсаюза пакуль няма, але Свабода будзе працягваць імкнуцца ўзяць камэнтар на гэты конт.

Імя новага рэктара ЭГУ павінны назваць 2 сакавіка. На гэты дзень заплянаваны агульны сход заснавальнікаў ЭГУ, падчас якога павінна быць прынятае рашэньне.

Пасада рэктара стала вакантнай пасьля таго, як у верасьні 2014 году яе пакінуў Анатоль Міхайлаў, які заснаваў унівэрсытэт і кіраваў ім з моманту яго стварэньня.

Шорт-ліст прэтэндэнтаў складаецца з шасьці імёнаў. Гэта трое грамадзян Беларусі — лідар руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філёзаф Тацьцяна Шчытцова. Двое — грамадзяне ЗША: Дэвід Полік, які цяпер выконвае абавязкі рэктара, і дырэктар офісу Інстытуту міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф. Яшчэ адзін кандыдат, цяперашні прарэктар ЭГУ па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс мае грамадзянствы Літвы і ЗША.