Гомель. Шматдзетнаму праваабаронцу пагражаюць праз сайт сумнеўнага паходжаньня

Гомель

Гомельскаму юрысту, праваабаронцу, сябру ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Леаніду Судаленку і ягоным малалетнім дзецям невядомыя асобы пагражаюць праз сайт.

Пагрозы й абразы пасыпаліся пасьля таго, як Судаленка пачаў аказваць прававую і юрыдычную дапамогу Вользе Груновай, маці расстралянага Аляксандра Грунова, які жорстка забіў гомельскую студэнтку. Маці хоча ведаць, дзе пахаваны сын, і дамагаецца зьмены ў заканадаўстве, каб целы расстраляных праз судовы вырак можна было забіраць і хаваць там, дзе жадаюць сваякі.

Раней мяне толькі абзывалі „адвакатам д’ябла“ і ўсялякімі іншымі абразьлівымі словамі, але дзяцей звычайна не чапалі.

«Раней мяне толькі абзывалі „адвакатам д’ябла“ і ўсялякімі іншымі абразьлівымі словамі, але дзяцей звычайна не чапалі. А 20 лютага ў матэрыяле „Зорачкі для праваабаронцы“ невядомы аўтар ня толькі паспрабаваў у паклёпніцкай форме апісаць маю грамадзкую дзейнасьць, але і ўчыніў псыхалягічны гвалт, каб пасяліць страх і няўпэўненасьць у бясьпецы маіх непаўналетніх дзяцей. Піша гэтак: „Леанід, заплюшчы вочы, уяві, што адзін з тваіх сыноў не дайшоў да пад’езду свайго дому некалькі крокаў...“. Далей згадваецца пра „101 нажавое раненьне“, „бумэранг“.

Лічу, што такія дзеяньні падпадаюць пад артыкул 186 Крымінальнага кодэксу — пагроза забойствам», — тлумачыць Судаленка.

Леанід Судаленка

З прычыны пагрозы Леанід Судаленка накіраваў заяву на імя начальніка абласной міліцыі. Ён просіць правесьці праверку, выявіць IP-адрас, зь якога ажыцьцяўляецца адміністраваньне ў інтэрнэце сайту, і прыцягнуць аўтара да крымінальнай адказнасьці паводле артыкула 186. Шматдзетны бацька патрабуе таксама ад міліцыі зрабіць захады, каб не дапусьціць злачынства ў дачыненьні да ягоных непаўналетніх дзяцей.

Дарэчы, у 2014 годзе Леанід Судаленка зьвяртаўся ў мясцовыя праваахоўныя органы, у Міністэрства ўнутраных спраў, каб тыя выявілі ІР-адрас сайту сумнеўнага паходжаньня, які аблівае брудам гомельскіх грамадзкіх актывістаў. Але атрымаў тады адказ, што зрабіць гэта міліцыя «ня мае тэхнічнай магчымасьці».