Літва можа пазбавіць палітычнага прытулку ўкраінца Шарыя

Анатоль Шарый

Украінскі грамадзянін Анатоль Шарый, «які называе сябе журналістам», страціць палітычны прытулак у Літве. На сваім канале ў YouTube гэты чалавек «публічна высьмейвае Ўкраіну і ўкраінскае войска і сьпявае крамлёўскія прапагандысцкія песьні», піша Довідас Панцэравас на партале 15min.lt.

На мінулым тыдні на партале 15min.lt быў апублікаваны матэрыял, у якім расказвалася, чым цяпер займаецца палітычны ўцякач з Украіны. Міністэрства ўнутраных справаў Літвы афіцыйна пацьвердзіла, што пасьля публікацыі распачатая праверка справы Шарыя.

«Магу сказаць, што пасьля вашай публікацыі былі распачатыя пэўныя юрыдычныя працэдуры датычна як самога статусу ўцекача, гэтак і ацэнкі новых абставінаў. У такіх выпадках, наколькі я ведаю, апрача ўсіх іншых дзеяньняў, заслухоўваюць і самых зацікаўленых асобаў», — сказаў у сераду дараднік міністра ўнутраных справаў Літвы Томас Бяржынскас.

Крыніцы парталу цвердзяць, што на гэтым тыдні Дэпартамэнт міграцыі пачаў расьсьледаваньне і што хутчэй за ўсё ў найбліжэйшым часе А; Шарый страціць палітычны прытулак.

Перш за ўсё таму, што высьветліліся абставіны, дзеля якіх гэты юрыдычны статус быў нададзены гэтаму грамадзяніну Ўкраіны.

У 2012 годзе А. Шарый цьвердзіў літоўскім уладам, што ён зазнае перасьлед з боку прарасейскага рэжыму прэзыдэнта Віктара Януковіча. Нібыта ён праводзіў расьсьледаваньне пра ўдзел дзяржаўных установаў у наркабізнэсе, таму супраць яго былі сфальсыфікаваныя справы.

Аднак пасьля перамогі Майдану В. Януковіч наагул уцёк у Расею, а ва Ўкраіне цяпер пры ўладзе празаходнія партыі. Гэта можа азначаць, што зьніклі абставіны, дзеля якіх А. Шарыю быў патрэбны прытулак.

Іншыя крыніцы парталу 15min.lt у праваахоўных органах паведамляюць, што выклікаюць занепакоенасьць і распаўсюджаныя А. Шарыем ідэі. Нельга цьвердзіць, што на сваім канале на YouTube гэты ўкраінец адкрыта вядзе крамлёўскую прапаганду, аднак агрэсіўны зьдзек з Украіны, якая абараняецца ад агрэсіі, выклікае сур’ёзныя сумневы.

На мінулым тыдні партал 15min.lt пісаў, што А. Шарый цяпер актыўна карыстаецца ўсімі прывілеямі, які дае яму ўдзелены Літвой палітычны прытулак — езьдзіць па Заходняй Эўропе і пашырае там свае ідэі. Калі супрацоўнікі Дэпартамэнту міграцыі пазбавяць яго статусу палітычнага ўцекача, А. Шарый больш ня зможа свабодна езьдзіць па Эўропе.

Як цьвердзіць крыніца, цяпер гэты ўкраінскі грамадзянін часова жыве ў Нідэрляндах у сваёй старэйшай сястры. Калі А. Шарый страціць свой статус, пра гэта будуць паінфармаваныя і нідэрляндзкія ўстановы.