Уладзімер Макей: Менск — месца, дзе можна дамаўляцца

Уладзімер Макей

Сёньня падзеі ва Ўкраіне ацэньваюцца с асьцярожным аптымізмам, заявіў 17 лютага міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля яго сустрэчы з іранскім калегам Махамадам Джавад Зарыфа.

«Мы заўжды заяўлялі, што гатовыя даць нашу пляцоўку для перамоваў у любым фармаце. Мы радыя, што саміт прайшоў і прынятае важнае рашэньне.

Хацелася, каб гэтыя рашэньні выконваліся ўсімі бакамі», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.

Макей падкрэсьліў, што нават ва ўмовах мірнага жыцьця здараюцца нечаканасьці, а ва Ўкраіне ідзе вайна: «Нэрвы напружаныя да мяжы, таму можа адбыцца ўсё што заўгодна».

Ён таксама адзначыў, што Беларусь і ў далейшым гатовая даваць пляцоўку для перамоваў па Ўкраіне ў любым фармаце. Паводле яго, важна, што цяпер ва ўсім сьвеце ўзьнікла асацыяцыя зь Менскам, як пляцоўкай, дзе можна дамаўляцца.