Нямецкі палітоляг: Дзівіць, што пытаньне пра расейска-ўкраінскую мяжу пакінулі на апошняе

Ёрг Форбрыг

Менскія пагадненьні камэнтуе Ёрг Форбрыг, дасьледчык Нямецкага Фонду Маршала.

Форбрыг: «Ня дзіўна, што большасьць пунктаў новых пагадненьняў нагадваюць тыя пункты, што былі ў менскіх пагадненьнях, падпісаных у верасьні летась. І гэта натуральна, бо асноўныя спрэчныя моманты засталіся нязьменнымі — ёсьць два сэпаратысцкія ўтварэньні, якія патрабуюць большых правоў; працягваецца ваенны канфлікт; ідуць спрэчкі наконт мяжы замірэньня, і тут геаграфія памянялася параўнальна зь мінулым годам. Застаецца вечнае пытаньне наконт расейска-ўкраінскай мяжы, якое ўкраінскі міністар замежных справаў назваў цэнтральным напярэдадні перамоваў у Менску. І гэта якраз тое пытаньне, у якім расейскі бок казаў, што не пагодзіцца з украінскімі патрабаваньнямі. У гэтым сэнсе ў дакумэнце вельмі мала новага.

Адзінае, што памянялася пасьлядоўнасьць — даволі дзіўна бачыць у новым пагадненьні, што пытаньне аб расейска-ўкраінскай мяжы вызначана як адно з апошніх для вырашэньня. У пагадненьні гаворыцца, што гэтае пытаньне будзе вырашацца толькі ў канцы году. І гэта дзівіць, бо менавіта адкрытая мяжа — тая брама, празь якую сэпаратысты атрымоўваюць абсталяваньне, вайскоўцаў, гуманітарную дапамогу ад расейскага боку і гэтак далей.

Трэба яшчэ ўважліва глядзець на дэталі пагадненьня, але мая першая рэакцыя ў тым, што яно мала адрозьніваецца ад папярэдняга, і ўсё будзе залежаць ад таго, як яго ажыцьцявіць. Мінулае пагадненьне з падобным зьместам ажыцьцявіць не ўдалося, таму я скептычна ацэньваю магчымасьць, што цяперашняе пагадненьне прывядзе да ўрэгуляваньня».

Цалкам інтэрвію зь Ёргам Форбрыгам на нашым сайце пазьней.