Абама пра Пуціна: Ён застаўся ў савецкім мінулым

Нядаўна прэзыдэнт ЗША даў інтэрвію парталу BuzzFeed News, у якім, апроч іншага, выказаў сваё стаўленьне да прэзыдэнта Расеі.

Абама: Ён застаўся ў савецкім мінулым. Там ён дасягнуў сьпеласьці. На той час прыпала яго служба ў КДБ. Гэта быў яго жыцьцёвы вопыт. Я мяркую, што ён глядзіць на праблемы скрозь гэтую прызму «халоднай вайны», і, як вынік, я думаю, што ён прапусьціў некалькі магчымасьцяў для Расеі дывэрсыфікаваць яе эканоміку, умацаваць свае сувязі з суседзямі, каб паказаць нешта іншае, чым стары савецкі агрэсіўны стыль.

Я па-ранейшаму веру, што дыпляматычным шляхам можна прымусіць Расею адмовіцца ад той палітыкі, якую яна праводзіць ва Ўкраіне. Я хацеў бы адзначыць, што, да гонару расейцаў, яны не спынілі супрацу з намі па такіх пытаньнях, як іранская ядзерная праграма.

Паводле парталу, прэзыдэнт ЗША заўважыў, што слабасьць расейскай эканомікі ўяўляе пагрозу для самой Расеі і для ЗША таксама.

Абама: Гэта кепска для Расеі і ўрэшце кепска для Злучаных Штатаў. Бо калі Расеі кепска, ёсьць небясьпека, што яна вернецца да старых экспансіянісцкіх ідэяў, якім ня месца ў ХХІ стагодзьдзі.