Чаму Расея ва ўсім абвінавачвае ЗША, а карае за гэта Ўкраіну

Міжнародная канфэрэнцыя па бясьпецы ў Мюнхэне зноў выявіла поўную супрацьлегласьць пазыцыяў Украіны, Захаду і Расеі.

У наступную сераду ў Менску, як чакаецца, пройдуць перамовы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу з удзелам лідэраў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі.

Аб правядзеньні гэтай сустрэчы ў так званым «нармандзкім фармаце» стала вядома пасьля тэлефоннай размовы, якая адбылася 8 лютага паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам — у той жа дзень, калі ў нямецкім Мюнхэне ў гістарычным гатэлі Bayerischerhof завяршылася штогадовая 3-дзённая канфэрэнцыя па бясьпецы, галоўнай тэмай якой стаў узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.

У цяперашняй 51-й канфэрэнцыі ў Мюнхэне ўдзельнічалі больш за 20 кіраўнікоў дзяржаў сьвету, больш за 60 міністраў замежных спраў і абароны і некалькі сотняў вядучых палітыкаў, бізнэсмэнаў і журналістаў. Заходнія лідэры 7 лютага сустрэлі аплядысмэнтамі прамову ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і папракнулі кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова, які прадстаўляў Маскву, у крывадушнасьці.

Парашэнка ў суботу зноў абвінаваціў Маскву ў падтрымцы ўзброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, заявіўшы, што Расея, «некалі дружалюбны сусед», парушыла нормы міжнароднага права і заняла частку ўкраінскай тэрыторыі, анэксаваўшы Крым, а потым пачала пастаўкі ваеннай тэхнікі сэпаратыстам з самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Парашэнка з трыбуны прад’явіў пачак вайсковых білетаў і пашпартоў расейскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон падчас баёў у Данбасе, як доказ таго, што расейскія войскі знаходзяцца ва ўтрыманых сэпаратыстамі раёнах.

Пятро Парашэнка паказвае пашпарты расейскіх вайскоўцаў

Па словах Парашэнкі, у выніку баявых дзеяньняў паміж арміяй Украіны і прарасейскімі сэпаратыстамі ў Данбасе загінулі больш за 1200 украінскіх вайскоўцаў і 5400 мірных жыхароў. Пры гэтым адначасова ў той жа дзень 7 лютага адна зь вядучых нямецкіх газэт Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung са спасылкай на крыніцу ў выведцы ФРГ напісала, што, магчыма, на ўсходзе Ўкраіны з пачатку ўзброенага канфлікту ў красавіку 2014 году загінулі ня менш за 50 тысяч чалавек — амаль у дзесяць разоў больш, чым згодна з любымі афіцыйнымі дадзенымі. Прамова прэзыдэнта Ўкраіны, якую ён завяршыў словамі аб тым, што захаваньне ўсімі бакамі канфлікту прынцыпаў, закладзеных у «менскіх дамоўленасьцях», застаецца адзіным спосаб спыніць гвалт, некалькі разоў перарывалася аплядысмэнтамі.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 7 лютага на канфэрэнцыі ў Мюнхэне абвінаваціў НАТО і ЗША ў падрыве бясьпекі ў Эўропе і, у прыватнасьці, ва Ўкраіне і заявіў, што стратэгічнае супрацоўніцтва ЭЗ і Расеі ня вытрымала выпрабаваньня на трываласьць. Паводле слоў Лаўрова, гэта адбылося з-за таго, што Эўразьвяз аддаў перавагу перад разьвіцьцём адносінаў з Расеяй «канфрантацыйнаму шляху». Кажучы аб урэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, Лаўроў назваў ЗША і Эўразьвяз вінаватымі ў эскаляцыі канфлікту ў Данбасе, але пры гэтым адзначыў, што крызіс усё яшчэ можна вырашыць мірным шляхам.

Сяргей Лаўроў і Джон Керы

Намесьнік генэральнага сакратара НАТО, былы амбасадар ЗША ў Расеі Аляксандар Вершбоў, які слухаў прамову Лаўрова, тут жа разьмясьціў у сваім Твітэры такую заўвагу: «Расея парушае ўсе хэльсынскія прынцыпы, аднак міністар Лаўроў заклікае зноў іх пацьвердзіць. Цікавая лёгіка!»

А былы міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт, які займаў гэты пост з 2006 па 2014 год, адзін з самых пасьлядоўных крытыкаў дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, напісаў у Твітэры наступнае: «Лаўроў абвінавачвае ЭЗ у „падтрымцы дзяржаўнага перавароту“ ў Кіеве. Спадзяюся, у глыбіні душы яму сорамна за тое, што яму даводзіцца прадаваць нам такі хлам».

Сяргей Лаўроў, з поўным тэкстам прамовы якога (праўда, безь яго спантанных раздражнёных рэмарак на сьмяшкі ў зале) можна азнаёміцца на сайце МЗС Расеі, скончыў выступ так: «Можна, вядома, з гэтага сьмяяцца. Тады проста нехта ад гэтага атрымае задавальненьне. Сьмех таксама, кажуць, падаўжае жыцьцё!»

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, выступаючы на канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне 8 лютага, заявіў, што паміж ЗША і Эўропай няма рознагалосьсяў па пытаньні аб урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і што яны шчыльна супрацоўнічаюць у аказаньні падтрымкі Кіеву. Кэры таксама папярэдзіў, што, калі Расея працягне рабіць дзеяньні, якія дэстабілізуюць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, то Захад прымусіць яе «заплаціць за гэта больш высокую цану». Заява Кэры прагучала на фоне інфармацыі аб узмацненьні рознагалосьсяў паміж Вашынгтонам і краінамі Эўропы па пытаньні прадстаўленьня Ўкраіне так званай сьмяротнай зброі. У Брусэлі, Бэрліне і Парыжы ёсьць меркаваньне, што такія пастаўкі зброі Кіеву прывядуць толькі да падаўжэньня канфлікту. Днём раней у Мюнхэне віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн з трыбуны прапанаваў рабіць высновы пра гатоўнасьць Расеі шукаць мірныя шляхі вырашэньня канфлікту ў Данбасе, «зыходзячы зь дзеяньняў Масквы, а не зь яе словаў».

Як мяркуе журналіст украінскай службы Радыё Свабода Расьціслаў Хоцін, які працаваў на канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне, танальнасьці прамоваў Пятра Парашэнкі, Сяргея Лаўрова і Джо Байдэна, за якімі ён сачыў асабіста, адрозьніваліся ашаламляльна:

— У памяці ў многіх, думаю, проста візуальна засталося, як Пятро Парашэнка прадэманстраваў доказы таго, што расейскія вайскоўцы прысутнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны і актыўна ўдзельнічаюць у канфлікце, ваюючы супраць украінскіх сілаў. Ён з трыбуны прадэманстраваў захопленыя вайсковыя білеты і пашпарты расейскіх вайскоўцаў — гэта вельмі запамінаецца... Другі момант — тое, што Парашэнка ўсё ж такі імкнуўся казаць пра мір, а не пра вайну. Прэзыдэнт Украіны сказаў выразна, што ён «прэзыдэнт міру, а не прэзыдэнт вайны». Абвінавачваньні ў тым, што Кіеў нібыта настроены агрэсіўна вырашыць канфлікт у Данбасе ваеннымі мэтадамі, ён хутка адкінуў. «Pacta sunt servanda!» — Парашэнка на лацінскай мове сказаў гэтую фразу, маючы на ўвазе, што менскія пагадненьня павінны выконвацца, калі іх падпісалі, і што мір павінен быць дасягнуты менавіта палітычным, а не ваенным шляхам. Мір — гэта самая вялікая мэта, паводле слоў украінскага прэзыдэнта, і для гэтага Кіеў будзе працаваць з замежнымі партнэрамі. Яшчэ важным мне здалося тое, што Парашэнка, што было відаць, выдатна інтэграваны ў асяродзьдзе вядучых лідэраў сьвету. І дзякуючы гэтаму Ўкраіну ўспрымаюць вельмі сур’ёзна, і ёсьць жаданьне Эўропы, ЗША дапамагчы Ўкраіне і вырашыць гэты канфлікт мірным, не ваенным шляхам.

— Сяргей Лаўроў, кіраўнік расейскага МЗС, выступаў таксама вельмі ярка. Ён і Ўкраіну абвінаваціў у эскаляцыі канфлікту, і НАТО і ЗША ў цэлым у падрыве бясьпекі ў Эўропе, і падкрэсьліў, што Расея зьяўляецца прыхільнікам толькі шляху мірнай дыпляматыі і захаваньня прынцыпаў Статута ААН і Хэльсынскіх пагадненьняў 1975 году. І гэтая прамова Лаўрова перарывалася ж адкрытым сьмехам ў зале і некаторымі гнеўнымі рэплікамі?

— Сяргей Лаўроў у самым пачатку як бы адаслаў аўдыторыю да 2007 году, калі там выступаў са сваёй знакамітай прамовай прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Выступ Лаўрова было вытрыманы ў тых жа прыкладна тонах. Я б сказаў, што яго прамова зрабіла на журналісцкае асяродзьдзе, на палітолягаў нейкае ўражаньне закасьцянелай архаікі. Міністар замежных спраў Расеі да гэтага часу падзеі на кіеўскім Майдане або, дапусьцім, зьвяржэньне былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча лічыць дзяржаўным пераваротам. Лаўроў вельмі крытыкаваў дзеяньні ўкраінскіх сілаў — як нейкую маштабную карную апэрацыю, калі тэрарыстамі абвешчаныя свае ж грамадзяне. Вядома, быў і вельмі моцны антыамэрыканскі, антызаходні акцэнт у яго выступе. У зале ў нейкі момант нехта нават, пад усеагульны сьмех, спытаўся ў яго: «Калі ва ўсім вінаватыя ЗША, то чаму ж вы караеце за гэта ўкраінцаў, забраўшы ў іх Крым?»

У той жа час у Мюнхэне было зразумела, што Захад не імкнецца да канфрантацыі з Масквой, хоць настроены рашуча. І тыя ж санкцыі супраць Расеі будуць і далей вельмі жорсткімі, існуе нават патэнцыял да іх узмацненьня, такія высновы можна было зрабіць з выступаў вядучых лідэраў Захаду. Захад вельмі расчараваны тым, што Расея паводзіць сябе так, як яна сябе паводзіць на працягу апошняга году — ламае ўсе правілы, усе нормы, усталяваныя Эўропай пасьля халоднай вайны, на жаль. І ўсё ж такі ва ўсіх ёсьць надзея на тое, што Расея можа адумацца.

— Сярод выступаў лідэраў і палітыкаў іншых дзяржаў вам запомнілася чыя-небудзь прамова, якая кансалідавана б выяўляла пазыцыю заходніх краінаў?

— Я б адзначыў два выступы, якія сфакусавана далі такія пасылы, Расеі і ўсяму сьвету, якімі Захад хацеў бы бачыць адносіны з Масквой — генэральнага сакратара НАТО Йенса Столтэнбэрга і віцэ-прэзыдэнта ЗША Джона Байдэна. Столтэнбэрг сказаў: «НАТО ня хоча канфрантацыі з Расеяй — наадварот, з канца халоднай вайны НАТО безупынна працавала на пабудову бесканфліктных адносінаў з Расеяй». І мэта НАТО — «далучыць Расею, а не ізаляваць яе». Ніхто ня хоча новай халоднай вайны.

Джо Байдэн

А віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсьліў, што Вашынгтон не зьбіраецца сыходзіць з Эўропы. Што арыентаванасьць ЗША выключна на Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, пра якую кажуць некаторыя экспэрты, выказваюць думкі, што для ЗША Эўропа ўжо не ўяўляе цікавасьці, — гэта няпраўда. ЗША «застануцца ў Эўропе». Байдэн сказаў, што яму шкада, калі прэзыдэнт Пуцін выбраў шлях канфрантацыі, што гэта вельмі небясьпечны выбар — калі сілай мяняюцца мяжы ў Эўропе, што гэта недапушчальна ў XXI стагодзьдзі. Па словах віцэ-прэзыдэнта Злучаных Штатаў, «нікому ня дадзена ствараць свае зоны ўплыву і пазбаўляць сувэрэнныя народы права самім абіраць сваю будучыню». Джо Байдэн адзначыў, што тое, чаго Расея хацела дамагчыся — падзяліць Украіну на «Захад і Ўсход», не дапусьціць свабодных выбараў, сарваць Пагадненьне аб Асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ, — усё гэта не атрымалася. І што Крамлю трэба задумацца над тым, што, можа быць, лепш выпрацоўваць агульны шлях з сусьветнай супольнасьцю, які прадугледжвае актыўнае далучэньне Расеі да новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе — у новым XXI стагодзьдзі, — распавядае журналіст украінскай службы Радыё Свабода Расьціслаў Хоцін, які працуе на канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне.

Цалкам гэты матэрыял можна прачытаць на сайце расейскай службы нашага радыё.