НАТО тэрмінова стварае ўдарную групоўку на ўсходзе Эўропы

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў, што дасягнутая дамоўленасьць аб неадкладным стварэньні шасьці баз ва Ўсходняй Эўропе і перадавой групоўкі ў 5000 вайскоўцаў — у адказ на расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

Выступаючы ў чацьвер у Брусэлі пасьля сустрэчы міністраў абароны краін НАТО, Столтэнбэрг паведаміў, што Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія, Польшча і Вялікабрытанія пагадзіліся ўзначаліць фарміраваньне новых сіл. У крызіснай сытуацыі групоўка павінна быць разгорнутая ў тэрмін ад двух да сямі дзён і будзе ўзмоцненая двума дадатковымі брыгадамі, адзначыў Столтэнбэрг. Паводле яго, базы, на якіх будзе знаходзіцца камандаваньне шматнацыянальнымі сіламі, будуць створаны ў Баўгарыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы і Румыніі. У цэлым колькасьць сіл рэагаваньня НАТО павялічыцца зь цяперашніх 13 тысяч да 30 тысяч чалавек.

Перад сустрэчай у Брусэлі, Енс Столтэнбэрг заявіў, што практычнае супрацоўніцтва паміж НАТО і Расеяй прыпынена, аднак на 6-8 лютага заплянаваная яго сустрэча з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым у кулюарах міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне — у рамках спробаў пакінуць адкрытымі магчымасьці для дыялёгу.