«Для Лукашэнкі „лібэралізацыя“ — кепскае і страшнае слова»

Віталь Цыганкоў камэнтуе заявы Лукашэнкі на прэс-канфэрэнцыі.

Паказальныя развагі Лукашэнкі пра эканамічную лібэралізацыю. Выглядае, ён сапраўды перакананы, што ў Беларусі настолькі лібэральная эканоміка, што няма куды больш. «Якая яшчэ лібэралізацыя вам патрэбная?» — некалькі разоў паўтараў кіраўнік Беларусі. Пры гэтым у якасьці доказу лібэралізацыі Лукашэнка прыводзіў прыклад таго, што ў кожны візыт разам зь ім у замежныя краіны езьдзяць кіраўнікі прадпрыемстваў, і ён, Лукашэнка, ім усяляк дапамагае. То бок дзяржаўны патэрналізм, кантроль над эканомікай прыводзіцца як прыклад «лібэралізацыі».

Яшчэ адзін доказ, што эканамічная палітыка кардынальным чынам ня зьменіцца, застанецца дзяржаўная падтрымка неэфэктыўных прадпрыемстваў. Ды і сам Лукашэнка ў выніку так і сказаў — «можна будзе абвясьціць нейкі новы курс, але гэта будзе падман».

Калі ж разумець, што лібэралізацыя гэта перш за ўсё — эканамічная свабода, то варта нагадаць, што літаральна два дні таму былі апублікаваныя дадзеныя, паводле якіх Беларусь заняла 153-е месца са 178 краінаў у індэксе эканамічнай свабоды.