Старшыня Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін даручыў камітэту па міжнародных справах прапрацаваць магчымасьць прыняцьця заявы, якая асуджае «анэксію Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай ў 1989 годзе». Пра гэта паведамляе РИА-Новости.
З адпаведнай ініцыятывай выступіў пры абмеркаваньні парадку работы палаты дэпутат ад КПРФ Мікалай Іваноў. «Паважаны Сяргей Яўгенавіч, мы ўсё суперажывалі вам, калі 26 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы вы адбівалі нападкі старшыні Ан Брасэр, якая абвинавачвала Расею ў „анэксіі“ Крыму — зьвярнуўся ён да сьпікера. — Прапаную ў якасьці кроку ў адказ даць даручэньне камітэту па міжнародных справах падрыхтаваць заяву, якая асуджае анэксію Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай у 1989 годзе. Тым больш што, у адрозненьне ад Крыму, у НДР агульнанародны рэфэрэндум праведзены ня быў», — нагадаў ён.
Сам Нарышкін ужо выкарыстоўваў параўнаньне далучэньня Крыму да Расеі і ўзьяднаньня Нямеччыны.
«Спасылка красавіцкага рашэньня ПАРЭ на крымскія падзеі неправамоцная, таму што ўзьяднаньне Крыму з Расеяй было ажыцьцёўлена на падставе вынікаў самай дэмакратычнай працэдуры — рэфэрэндуму, калі 97% жыхароў Крыму выказаліся за ўзьяднаньне са сваёй Радзімай — Расеяй», — нагадаў тады старшыня Дзярждумы РФ.
На яго думку, калі прытрымлівацца лёгікі тых, хто называе гэтую гістарычную падзею «анэксіяй», то тады з такой жа лёгкасьцю «можна казаць пра тое, што ФРН анэксавала Усходнюю Нямеччыну». Але Расея катэгарычна супраць такой лёгікі як у выпадку з НДР, так і ў выпадку з Рэспублікай Крым. Мы заўсёды супраць «падвойных стандартаў», — сказаў у Страсбуры Сяргей Нарышкін.