Расейскі сьледчы камітэт: Суд па справе аб забойстве ў Гюмры пройдзе ў Армэніі

Сустрэча Саргсяна і Бастрыкіна.

Расейскія і армянскія мэдыі са спасылкай на крыніцы ў армянскім урадзе паведамляюць, што судзіць расейскага салдата Пермякова будзе Вайсковы суд Расеі.

Пра гэта піша расейская «Новая газета» і шэраг армянскіх СМІ.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Ўладзімер Маркін заявіў, што расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да падазраванага Валерыя Пермякова «пройдзе выключна на тэрыторыі Армэніі».

Паводле Маркіна, судовы разгляд «і ўсе працэсуальныя дзеяньні будуць праводзіцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі законамі», расейскім заканадаўствам і пагадненьнямі паміж Расеяй і Армэніяй, якія рэгулююць вайсковую базу ў Гюмры, дзе ўтрымліваюць Пермякова.

Сёньня кіраўнік расейскага сьледечага камітэту Аляксандр Бастрыкін сустракаўся з прэзыдэнтам Армэніі Сержам Саргсянам і кіраўніком Сьледчага камітэту Армэніі Агваном Аўсепянам. Бастрыкін і Аўсепян дамовіліся аб сумесным расьсьледаваньні трагедыі.

12 студзеня ў горадзе Гюмры на поўначы Армэніі былі забітыя шэсьць чалавек — усе чальцы адной сям’і, у тым ліку двухгадовае дзіця. Шасьцімесячны Сярожа Авецісян з нажавым раненьнем у цяжкім стане быў шпіталізаваны, але выратаваць яго не ўдалося. Ён памёр напярэдадні. Пахавалі яго сёньня. Жаўнер тэрміновай службы 102-й расейскай ваеннай базы ў Гюмры Валеры Пермякоў неўзабаве пасьля масавага забойства быў затрыманы паблізу турэцкай мяжы і знаходзіцца цяпер пад арыштам на тэрыторыі гэтай базы. Пермякоў прызнаўся ў злачынстве.

Забойства ў Гюмры выклікала хвалю пратэстаў у Армэніі. Тысячы маніфэстантаў патрабавалі выдачы расейскага жаўнера армянскаму правасудзьдзю.

Паводле зьвестак сьледзтва, перад тым, як зрабіць злачынства, Пермякоў самавольна пакінуў сваю частку са зброяй.