Ці абараняе закон правы беларускамоўных спажыўцоў?

2015 год пачаўся з прыемнай навіны для беларускамоўных спажыўцоў – запраўкі А-100 з 1 студзеня перайшлі на беларускую мову абслугоўваньня. ​

Але праз зусім кароткі час прыйшло паведамленьне зусім супрацьлеглага характару – пра тое, што прадпрымальніку зь Віцебску забаранілі разьмяшчаць на сваім тавары этыкеткі па-беларуску.

Таму ўзьнікае лягічнае пытаньне – ці абараняе закон правы беларускамоўных спажыўцоў?​

Яшчэ напрыканцы 2011 году я накіраваў у Міністэрства аховы здароўя прапановы аб тым, каб у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» былі ўнесеныя зьмены, паводле якіх інфармацыя пра тавары і паслугі павінна даводзіцца адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах – беларускай і расейскай, а не на адной з моваў на выбар вытворцы. ​

Міністэрства аховы здароўя пераслала мой зварот у Міністэрства гандлю і, па невядомай мне прычыне і лёгіцы, у Міністэрства культуры. ​

Павел Латушка

І калі зь Міністэрства гандлю я адказу так і не дачакаўся, то зь Міністэрства культуры, якое ў той час узначальваў беларускамоўны і на фоне астатніх беларускіх чыноўнікаў прагрэсіўны міністар Павал Латушка, прыйшоў адказ, якога я, па шчырасьці, не чакаў.

Тадэвуш Стружэцкі, фота TIO.BY

Ад імя міністэрства мне адказаў Тадэвуш Стружэцкі, які ў той час быў намесьнікам міністра. Вось што ён паведаміў:​

«Па прапанове Міністэрства культуры складзеныя Вамі прапановы разгледжаныя Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь. На падставе зробленага праўнага аналізу Вашых прапаноў інфармуем аб наступным.​

Прававое ўрэгуляваньне пытаньня аб давядзеньні да ведама спажыўца інфармацыі аб тавары (работах, паслугах), а таксама інфармацыі аб вытворцах (выканаўцах, прадаўцах) на дзьвюх мовах патрабуе карэкціроўкі артыкулаў 7 і 8 Закону Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года «О защите прав потребителей».

Тое, што праблему прызнаў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і праўных дасьледаваньняў, – ключавы момант, бо Цэнтар – навукова-практычная дзяржаўная ўстанова, якая забясьпечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў у Беларусі. Агульнае кіраваньне Цэнтрам ляжыць на Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Гэта значыць, Адміністрацыя прэзыдэнта прапанаваныя зьмены ў цэлым ухваліла, а ўсім добра вядома, што ўсё ў Беларусі вырашаецца не ў парлямэнце, а ў Адміністрацыі.​

Ад імя міністэрства Тадэвуш Стружэцкі дадаў:​

«Намі падтрымліваюцца прапанаваныя Вамі захады па замацаваньні дадатковых заканадаўчых гарантый забесьпячэньня балянсу ўжываньня дзяржаўных моваў. Акрамя таго, зьвяртаем увагу на пазыцыю Канстытуцыйнага суду Беларусі ад 4 сьнежня 2003 году № п-91/2003 «Об использовании белорусского и русского языков в сфере обслуживания, оборота банковских пластиковых карточек и в системе государственного сациального страхования».

Рашэньне Канстытуцыйнага суду, на якое спасылаецца Міністэрства культуры, падпісаў былы старшыня Канстытуцыйнага суду і былы генэральны пракурор Рыгор Васілевіч.

Рыгор Васілевіч

Агульны сэнс заключаны ў яго рэзюмуючай частцы: «Прапаноўваем разгледзець пытаньне аб унясеньні ў закон «Аб мовах» і іншыя акты заканадаўства зьменаў і дапаўненьняў, што здольныя забясьпечыць фактычную роўнасьць дзяржаўных моваў».​

Гэта значыць, рашэньні Канстытуцыйнага суду тычацца ня толькі плястыкавых картак, а ўсяго беларускага заканадаўства. Тут я цалкам салідарызуюся з Канстытуцыйным судом у яго жаданьні ўнесьці зьмены ў закон «Аб мовах». Адпаведныя зьмены былі мной распрацаваныя і дасланыя кожнаму з дэпутатаў беларускага парлямэнту. Але з папярэдніх публікацыяў вы ўжо ведаеце, што і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Савеце Рэспублікі іх палічылі немэтазгоднымі.

Да рэкамендацыяў Канстытуцыйнага суду ў Палаце прадстаўнікоў прыслухоўвацца не жадаюць. Калі да 1996 году Канстытуцыйны суд мог проста прызнаць закон «Аб мовах» неканстытуцыйным і прыпыніць яго дзейнасьць, пакуль у яго ня будуць унесеныя «зьмены і дапаўненьні, якія здольныя забясьпечыць фактычную роўнасьць дзяржаўных моваў», то цяпер ён можа толькі рэкамэндаваць унесьці гэтыя зьмены. Тое, што раблю я і можа рабіць кожны беларус. Такі вось бяспраўны Канстытуцыйны суд. ​

Тым ня менш нават такая маральная падтрымка з боку Канстытуцыйнага суду – каштоўная, бо гэта пазыцыя дзяржаўнай установы. Лягічным здаецца, што дзяржавабудаваньне павінна весьціся ў адным кірунку, а так выходзіць, што Канстытуцыйны суд і Адміністрацыя – за зьмены ў моўным заканадаўстве, а так званы парлямэнт – супраць. Можна нават уявіць, што ў нас ёсьць падзел уладаў.​

Напрыканцы ліста Тадэвуш Стружэцкі адзначыў і тэхнічны бок справы з унясеньнем зьменаў у заканадаўства:

«Разам з тым карэктаваньне законаў ажыцьцяўляецца на плянавай аснове. Пры гэтым праект пляну падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год ужо сфармаваны. Такім чынам, пытаньне аб унясеньні зьмяненьняў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» або ў іншыя законы Беларусі, якімі ўрэгуляваныя адносіны, зьвязаныя з ужываньнем дзяржаўных моваў у розных галінах адносін, можа быць разгледжаны пры фармаваньні пляну падрыхтоўкі законапраектаў на 2013 год».

Як бачым, славутая беларуская «дэбюракратызацыя» вельмі добра бачная ў беларускай заканатворчасьці. Гэта вам не Ўкраіна, дзе дэпутат раніцай можа зарэгістраваць у канцылярыі законапраект, у абед той можа разглядацца ў Парлямэнце, а да вечара ўжо стаць законам. У Беларусі трэба мінімум год, каб закон дайшоў да разгляду ў Парлямэнце. Калі б ва Ўкраіне дзейнічала падобная працэдура, то і Януковіч быў бы яшчэ «законным і легітымным прэзыдэнтам», а самой Украіны, можа, наагул бы і не існавала як незалежнай дзяржавы.​

Сканчае ліст Тадэвуш Стружэцкі наступнымі словамі:​

«Па сутнасьці вышэйзгаданага намі паінфармавана Міністэрства гандлю Беларусі з прапановай разгледзець з улікам кампэтэнцыі пытаньне аб ініцыяваньні ўнясеньня адпаведных зьмяненьняў у дзейнае заканадаўства».​

На жаль, Міністэрства гандлю праігнаравала прапановы Міністэрства культуры і пазыцыю Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і праўных дасьледаваньняў. Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» дагэтуль не забясьпечвае рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моваў. Я ж, у сваю чаргу, таксама ня змог надаць ініцыятыве належнага імпульсу, бо ў той час актыўна займаўся лабіяваньнем зьменаў у закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», паводле якіх адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту. Тады ўдалося знайсьці агульную мову з адказным за законапраект дэпутатам Яўгенам Мельнікавым, які абяцаў, што «абавязкова будзе падтрымліваць зьмены», і закон быў прыняты ў рэдакцыі, паводле якой беларускамоўны можа атрымаць адказ па-беларуску.

Яўген Мельнікаў

На жаль, Яўген Мельнікаў ня трапіў у новы склад Палаты прадстаўнікоў, Тадэвуш Стружэцкі цяпер проста намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд культуры», а Павал Латушка зь яго прагрэсіўнымі поглядамі адпраўлены амбасадарам далей ад Беларусі – у Францыю. Ну, а Рыгор Васілевіч сёньня выкладчык БДУ і рыхтуе нарматыўную глебу для ўвядзеньня ў Беларусі пасады амбудсмэна, рашэньні якога, гледзячы па ўсім, будуць настолькі ж дзейнымі, як і рашэньні Канстытуцыйнага суду. ​

Саюзьнікаў пры пасадах не засталося, але кожны беларус можа зьвярнуцца да дэпутатаў з прапановай унесьці зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». На вашым баку і Міністэрства культуры, і Канстытуцыйны суд, і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і праўных дасьледаваньняў, якія таксама лічаць, што беларускай мовы мала ў заканадаўстве, што правы беларускамоўных спажыўцоў не абароненыя ў поўнай ступені. Спадзяюся, вы скарыстаецеся сваім правам.​

Уладзімір Шыцько, фота "Витебские вести"

Дэпутат Уладзімір Шыцько, заслужаны настаўнік Беларусі, былы дырэктар Віцебскай кадэцкай вучэльні, у Палаце прадстаўнікоў – намесьнік старшыні камісіі па бюджэце і фінансах. Ён прадстаўляе Віцебскую сельскую акругу №21, паўночна-ўсходні рэгіён, які мяжуе з Расеяй і мае за герб «Пагоню».

Па-расейску ён паведаміў наступнае:

«Благодарю Вас за неравнодушие и инициативу в отношении изменений в законодательстве Беларуси в части правового урегулирования вопроса о доведении до ведома потребителей информации о товарах на двух языках.​

Сообщаю Вам, что в случае вынесения соответствующего законопроекта на рассмотрение Палаты представителей, данный проект будет мною поддержан».​

Як бачым, здаровыя ідэі беларусаў і дзяржаўных установаў знаходзяць падтрымку і сярод дэпутатаў. Паведамляйце, што адказалі дэпутаты вам, а я, у сваю чаргу, буду інфармаваць вас пра пазыцыю ў гэтым пытаньні яшчэ 109-ці дэпутатаў, якія дагэтуль не адказалі.

(Пазыцыя аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі Радыё Свабода)