Бойня ў рэдакцыі Charlie Hebdo — заняпад Эўропы?

Ці стаў тэракт у Парыжы вынікам патураньня мусульманскай грамадзе? Ці для ўсіх мусульманаў карыкатуры на прарока Мухамэда — бясспрэчнае зло? Ці ёсьць мультыкультуралізм прыкметай заняпаду Эўропы?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычны аналітык Сяргей Богдан і аглядальнікі беларускай і расейскай службаў нашага радыё Віталь Цыганкоў і Яраслаў Шымаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Тэракт у рэдакцыі францускага часопісу

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце

Ці трэба талераваць неталерантныя культуры?

Дракахруст: Тэрарыстычны напад на рэдакцыю францускага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo, забойства 12 супрацоўнікаў выданьня ізноў зрабілі актуальнымі спрэчкі пра талерантнасьць, паліткарэктнасьць і шырэй — пра ідэнтычнасьць сучаснай Эўропы, сучасных грамадзтваў.

10 гадоў таму публікацыя ў дацкай газэце карыкатураў на прарока Мухамэда спарадзіла моцны скандал, які распаўсюдзіўся бадай што на ўвесь сьвет. Гэтым разам цаной падобных жартаў стала кроў жартаўнікоў.

Праблемы, дылемы, якія спараджае парыскі тэракт, я і прапаную абмеркаваць у сёньняшняй перадачы.

Юры Дракахруст

Некаторыя мяркуюць, што цяперашні тэракт — вынік палітыкі паліткарэктнасьці, талеранцыі неталерантных культураў. Вы, Віталь, напісалі ў блогу з нагоды падзеі, што калі палітыка гэтага патураньня будзе працягвацца далей, дык, фігуральна кажучы, на галаву сядуць, усю Эўропу ў паранджу апрануць. А ці няма ў вашай пазыцыі супярэчнасьці: вы адстойваеце каштоўнасьць права дэканструяваць любыя каштоўнасьці, сьмеючыся над імі?

Цыганкоў: Я ня супраць самой талерантнасьці як базавага прынцыпу існаваньня сучаснага эўрапейскага грамадзтва. Але сапраўды ёсьць пытаньне — ці можна талераваць тое, што зьяўляецца неталерантным. Чалавеку трэба даваць як мага больш правоў, нават неадназначных, і спадзявацца, верыць, што ён зможа імі правільна распарадзіцца.

Дракахруст: Сяргей, ці многія мусульмане могуць сказаць: так, Charlie меў права публікаваць гэтыя карыкатуры?

Богдан: Я мяркую, што для несэкулярных мусульманаў нямногія могуць палічыць, што гэтая публікацыя — ня зло. Я таксама не магу сказаць, што гэта ня зло.

Сяргей Богдан

Дракахруст: Вы, Сяргей, сказалі ў інтэрвію Свабодзе, што радыкалізацыя робіцца магчымай праз адчужэньне, якое ўзьнікае ў Эўропе з-за радыкальнай лібэральнай плыні. «Гэтая плынь прыводзіць да дэканструкцыі эўрапейскай ідэнтычнасьці, рэлігіі», — пішаце вы. Але цяперашняя талерантнасьць да тых жа мусульманаў — вынік якраз радыкальнай лібэральнай плыні. У часы, калі ідэнтычнасьць была моцнай, меншасьці сядзелі, як той казаў, як мыш пад венікам.

Богдан: Я кажу пра лібэральную ідэалёгію, якая перасягнула ўсе межы і выціскае ўсе астатнія складнікі эўрапейскіх ідэнтычнасьцяў. Радыкальны іслам знаходзіць у гэтым спрыяльную глебу. Дэканструююца ўсе ідэнтычнасьці — нацыянальныя, рэлігійныя, нават полавыя. У Бэрлінскім унівэрсытэце зьяўляюцца нармальнымі сэмінары на тэму «Калі вы вырашылі стаць гетэрасэксуалам?».

Charlie Hebdo як Pussy Riot

Дракахруст: Яраслаў, наколькі я ведаю, на Charlie Hebdo абураныя мусульмане падавалі ў суд за карыкатуры на прарока. Часопіс суд выйграў. У гэтыя дні прачытаў недзе ў Рунеце: «А пасадзілі б гэтых карыкатурыстаў на пару гадоў, як Pussy Riot, дык і жывымі б засталіся». Што вы можаце сказаць на такое меркаваньне?

Яраслаў Шымаў

Шымаў: У гэтым меркаваньні бачная лёгіка патэрналізму — што ўлада, дзяржава павінна рэгуляваць максымальную колькасьць праяваў чалавечай дзейнасьці. Гэта сацыяльны дырыжызм. Адседзелі гады два? Суд вырашыў, суд устаў на бок свабоды выказваньня.

Дракахруст: Яраслаў, гаворыцца, што права сьмяяцца над рэчамі, для некага сьвятымі — гэта прынцып сучаснай цывілізацыі. Дык значыць — сьвятыняў няма? Але тады чаму чалавечае жыцьцё — выключэньне?

Шымаў: Вы маеце на ўвазе, што над жыцьцём чалавека нельга сьмяяцца? Можна, ёсьць «чорны гумар».

Дракахруст: Я маю на ўвазе — а чаму нельга забіваць? Вы кажаце пра дырыжызм. Забойцы журналістаў — не прыхільнікі дырыжызму, яны зь іх пункту гледжаньня тварылі правасудзьдзе.

Шымаў: Ня трэба блытаць. Ёсьць маральныя рамкі, якія, паводле дырыжыстаў, павінны быць усталяваныя для ўсіх — нельга, як Pussy Riot, танчыць у храме. Але ёсьць рамкі закону, калі ня будуць вытрымлівацца яны, мы проста пераб’ём адзін аднаго.

Цыганкоў: Мы сыходзім з каштоўнасьці чалавечага жыцьця. Для вернікаў каштоўнасьць Бога таксама вялікая. Але ніхто не зьбіраецца пазбаўляць Бога жыцьця.

Мне трывожна, як ў цяперашніх дыскусіях пасьля тэракту многія ўспрымаюць паняцьце «рэлігійныя пачуцьці», якія нібыта нельга зьневажаць. Але гэта такое расплывістае паняцьце, як зь яго можна рабіць нейкі абсалют?

У Парыжы напалі на сатырычны часопіс. Ёсьць ахвяры

Якія правы паноўнай культуры?

Дракахруст: У сучасным грамадзтве людзі асабіста роўныя паміж сабой. Але ці роўныя і ці павінны быць роўныя культуры? Ці, скажам, паноўная культура, норавы, каштоўнасьці аўтахтоннай большасьці павінна мець нейкія перавагі? Пытаньне, датычная не адно далёкай Францыі, але і Беларусі.

Богдан: Гэты тэракт ніяк не зьвязаны з праблемай талеранцыі мусульманскай грамады ў Эўропе. Тэракт у менскім мэтро ня сьведчыў пра слабую інтэграванасьць Віцебску ў Эўропу, хаця зрабілі яго віцябляне. У 60-80 гадах тэрарыстычная актыўнасьць у Францыі была вышэйшая, чым зараз.

Дракахруст: Той тэрор, пра які вы прыгадалі, магчыма, быў больш масавым. Але ён тычыўся стасункаў паміж меншасьцямі, скажам, паміж арабамі і габрэямі. Забойства ў рэдакцыі часопіса — выклік, кінуты базавай каштоўнасьці ўсяго францускага грамадзтва — свабодзе слова.

Богдан: Адмысловыя органы даўно ведалі, чым займаліся гэтыя хлопцы. Яны належалі да экстрэмісцкага асяродку, які талераваўся францускай дзяржавай. Спэцслужбы выкарыстоўвалі гэтыя экстрэмісцкія асяродкі ў мэтах пэўнай замежнай палітыкі. Лічылася, што яны добра могуць ваяваць з Кадафі, з Асадам і з Расеяй.

Быў такі самы шыіцкі тэрор і гэта ня толькі справа Рушдзі. І спэцслужбы яго спынілі. А суніцкі радыкалізм талераваўся і талеруецца.

Шымаў: У мяне няма доказаў, што спэцслужбы Эўропы вырошчваюць ісламскіх баевікоў, каб яны ваявалі з рэжымамі, якія няўгодныя заходнім краінам.Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Нельга мазаць чорнай фарбай усіх мусульманаў, большасьць зь іх — мірныя людзі, яны самі злыя на экстрэмістаў. Але нельга не казаць, што ёсьць грамада ў Эўропе, ў якой экстрэмісцкія праявы значна часьцейшыя, чым у іншых грамадах.

Цыганкоў: Разнастайнасьць культураў павінна прысутнічаць і ў аднародным грамадзтве. Але паноўная культура павінна мець перавагу.

У мусульманскай традыцыі дапушчальнае шматжонства, ў Эўропе — манагамія. Як гэта можа суіснаваць у рамках адной дзяржавы? Гэта немагчыма. Я лічу, што мультыкультуралізм ня можа існаваць у межах адной краіны. Нават такі памяркоўны палітык, як Ангэла Мэркэль, прызнала, што ў Нямеччыне мультыкультуралізм праваліўся.

Самыя яркія фота з Маршу адзінства ў Парыжы

Заняпад Эўропы?

Богдан: Культура аўтахтоннага насельніцтва павінна мець перавагу, бо няма іншага месца ў сьвеце, дзе яна магла б існаваць. У шмат якіх выпадках мусульманская грамада ў Эўропе сутыкаецца ня з тым, што ёй даводзіцца пераймаць эўрапейскія культурныя звычаі — францускія, нямецкія, якія іншыя, а з выклікам культурнага распаду. Віталь сказаў пра манагамію Эўропы. Але праблема ў тым, што ў Эўропе зараз ужо няма сям’і, як такой, ёсьць пары, якія сыходзяцца на пэўны час. І наступства гэтага — карэнных эўрапейцаў робіцца ўсё менш і менш.

Дракахруст: Некаторыя мяркуюць, што цяперашняя заходняя, асабліва эўрапейская, паліткарэктнасьць — прыкмета заняпаду заходняй цывілізацыі, яе духоўнай слабасьці. Таму, маўляў, краіны Эўропы і аказваюцца безабароннымі пад ціскам культураў менш талерантных, гэта значыць, больш моцных і агрэсіўных. Вы згодны з такім меркаваньнем? Ці паліткарэктнасьць фармуе новую, больш гнуткую і разнастайную ідэнтычнасьць? А бойня ў рэдакцыі парыскага часопісу — ну ўскосныя выдаткі ў цэлым станоўчага працэсу. Не забараняць жа аўтатранспарт з прычыны аварыяў.

Цыганкоў: Гэта сапраўды цяжкое пытаньне — ці ня робіцца Эўропа старажытным Рымам, якому наканавана загінуць пад ударамі барбараў, этнасаў больш маладых і пасіянарных. Я бачу выхад толькі ў інтэграцыі, самае небясьпечнае — гэта гетаізацыя, калі меншасьці жывуць асобна ад карэнных жыхароў, не ўспрымаюць іх культуру. Мне здаецца, што шанец на інтэграцыю яшчэ ёсьць.

Віталь Цыганкоў

Шымаў: Эўропу хаваюць даўно, пачалі задоўга да Шпэнглера зь яго «Заняпадам Эўропы». А яна ўсё жыве, дзьве сустветныя вайны перажыла. У другой палове ХХ стагодзьдзя яна ізноў прыйшла ў стан рэгіёну плянэты, які адзначаецца самым высокім дабрабытам. Ключавое слова тут — разьвіцьцё. Не прагрэс, не рэгрэс, гэта залежыць ад пункту гледжаньня. 100 гадоў таму на выбарчае права для жанчын глядзелі, як на анамалію — да вы што, баба галасуе, сьмяхоцьце нейкае. Ну што значыць разбураецца сям’я? У сярэднім у Эўропе ў чалавека на працягу жыцьця два шлюбы. Шлюбы часьцей распадаюцца, але гэта вынік эканамічных працэсаў, таго, што жанчыны сталі больш самастойныя.