Логвінава асудзілі на амаль мільярд рублёў. «Гэта азначае банкруцтва» — Логвінаў

Your browser doesn’t support HTML5

Эканамічны суд Менску сёньня аштрафаваў прыватнае выдавецтва «Логвінаў» і пастанавіў канфіскаваць у яго прыбытак амаль на мільярд рублёў, што для выдавецтва будзе азначаць банкруцтва.

Рашэньне адносна выдавецтва «Логвінаў» прыняў судзьдзя Сяргей Кулакоўскі. Судзьдзя пагадзіўся з пазыцыяй падатковай інспэкцыі, якая дамагаецца канфіскацыі ў выдавецтва 961 мільярда рублёў прыбытку за 2014 год на той падставе, што выдавецтва гандлявала кнігамі безь ліцэнзіі. Таксама «Логвінаў» аштрафаваны на 20 базавых велічынь — гэта яшчэ 5 мільёнаў і 400 тысяч рублёў. Уладальнік выдавецтва Ігар Логвінаў адразу пасьля суду заявіў, што ня згодны з рашэньнем, і ня выключыў, што яно прывядзе да банкруцтва прадпрыемства, бо канфіскаваныя судом грошы — не прыбытак за 2014 год, а абаротныя сродкі:

«Гэты мільярд выплачаны ў выглядзе арэнднай платы, разьлікаў з пастаўшчыкамі і гэтак далей. Гэтых грошай у такой суме ніколі і не было ў адзіным стане, бо ідзе штодзённая праца. Кнігі паступаюць да нас, за іх разьлічваюцца, плацяцца заробкі, арэнда. То бок іх канфіскацыя азначае, што мы будзем, хутчэй за ўсё, банкрутамі, бо асабіста ў мяне такіх грошай няма і ў прадпрыемства іх ніколі не было. Будзем кансультавацца на гэты конт зь юрыстамі. А што да сёньняшняга рашэньня, то абавязкова будзем яго абскарджваць».

Прэтэнзіі падатковай службы да выдавецтва «Логвінаў», якія падзяліў і суд, грунтуюцца на беларускім законе, які патрабуе ад выдаўцоў дазволу на гандаль кнігамі. Ігар Логвінаў лічыць гэтую норму заганнай.

«У ніводнай краіне сьвету няма забароны ў законах на гандаль кніжкамі. Ня кажучы ўжо пра тое, каб мець дазвол іх друкаваць і выдаваць. Ня думаў, што ў нас гэткі закон увядуць, але гэтак адбылося».

Чаму не была атрыманая ліцэнзія? Паводле Ігара Логвінава, цягам 2014 году выдавецтва 6 разоў зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі па дазвол на продаж кніг і сродкаў масавай інфармацыі, але кожны раз атрымлівала адмову. Шостую адмову выдавецтва паспрабавала аспрэчыць у судзе, але пакуль выніку няма.

Чаму раней такія спробы не рабіліся? Падчас працэсу ў Эканамічным судзе Ігар Логвінаў патлумачыў, што ў якасьці прычыны адмовы ім кожны раз называліся дробныя парушэньні, якія лягчэй было выправіць, чым аспрэчваць. Але пры падачы новай заявы ўзьнікалі новыя прэтэнзіі, і ў выніку ліцэнзію ад Мінінфарма яны так і не атрымалі.

Сёньня Ігар Логвінаў сказаў пра мэтанакіраваны ціск на выдавецтва і назваў яго «здушэньнем усякай прадпрымальніцкай актыўнасьці ў галіне культуры».

Прыватнае выдавецтва «Логвінаў» усё ж зьбіраецца працаваць далей, бо правы на яго цяпер перааформленыя на іншую асобу. Ігар Логвінаў спадзяецца, што новым уладальнікам удасца атрымаць ліцэнзію Мінінфарма.