«Бамбардаваньне любоўю» ў Швэцыі: гараджане заклеілі сэрцайкамі дзьверы мячэці (ФОТА)

Жыхары гораду Упсала выказалі салідарнасьць з прыхаджанамі мясцовай мячэці, на якую быў зьдзейсьнены напад 1 студзеня. Невядомы злачынца кінуў у бажніцу «кактэйль Молатава», а на сьценах пакінуў расісцкія надпісы, паведамляе Белсат.

Напады на мячэці ў Швэцыі здараюцца ўсё часьцей. Напрыканцы сьнежня праз падпал здарыўся пажар у мячэці на Поўдні Швэцыі. А падчас каталіцкага Раства гарэла іншая мячэць — на паўднёвым усходзе краіны. Калі пачаўся пажар, у мячэці знаходзіліся каля 70 асобаў, пяцёра зь іх трапілі ў шпіталь.

«Злачынцы прагнуць расколу, хочуць падзяліць нас. Але гэта не атрымаецца. Мы сабраліся, каб падтрымаць мусульманаў і нашае адзінства», — гаворыць жыхарка гораду Упсала Аньніка Андэрбрандт. На наступны дзень пасьля нападу на мячэць мясцовыя жыхары прыйшлі да бажніцы ды наклеілі самаробныя папяровыя паштоўкі са словамі падтрымкі.

«Я вельмі шчасьлівы і вельмі ўдзячны ўсім, хто гэта зрабіў. Такая падтрымка робіць мяне шчасьлівым», — кажа Аладзін Абу, прыхаджанін мячэці.

Тым часам міністар па грамадзкіх справах Швэцыі падкрэсьліў, што паліцыя «будзе дзейнічаць рашуча», каб абараніць вернікаў усіх канфэсіяў.