Высокапастаўлены чыноўнік на радзіме Лукашэнкі атрымаў 14 год калёніі за хабар

Ленінскі раённы суд Магілёва асудзіў на 14 год зьняволеньня за хабарніцтва былога намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму Дзьмітрыя Мінянкова. Таксама ў былога чыноўніка паводле суду канфіскавана маёмасьць.

Сьледзтва і суд па справе Дзьмітрыя Мінянкова цягнуліся з 2010 году. Эпізод тычыўся зьдзелкі шэрагу гаспадарак Шклоўскага раёну з камэрсантамі з Расеі на закуп для гаспадарак бычкоў у Сэрбіі. Паводле сьледзтва гэтую зьдзелку забясьпечыў Дзьмітрый Мінянкоў, які атрымаў за свае паслугі ад камэрсантаў хабар у 20 тысяч даляраў. Грошы ад беларускіх гаспадарак камэрсантам былі пераведзеныя, але бычкі гэтак і не закупленыя. Сьледчыя налічылі стратаў бюджэту на 5 мільёнаў даляраў.

Дзьмітрый Мінянкоў яшчэ можа абскардзіць прысуд.

Год таму пад сьледзтва патрапіў яшчэ адзін намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму — Яўген Семянкевіч. Чыноўнік быў вызвалены ад пасады, Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра завядзеньні крымінальнай справы аб злоўжываньнях, але ўжо больш за год зьвестак пра вынікі расьсьледаваньня не паведамляюць.