У абменьніках, якія па-за банкамі, кажуць: валюта на продаж ёсьць — тая, якую здалі кліенты. Прызнаюцца, аднак, што прадаюць яе невялікімі сумамі. На просьбу прадаць пяцьсот даляраў ува ўсіх абменьніках, у якіх пабываў, адказвалі, што давядзецца пачакаць. Там, дзе яе няма наагул, абяцалі, што неўзабаве падвязуць. У саміх банках сьцьвярджалі, што валюту можна купіць у неабмежаванай колькасьці. На пытаньне, ці прадаюць яе наведнікі, адказваюць, што такой інфармацыі не даюць.
Тыя, хто наважваўся купіць даляры, аргумэнтавалі сваё рашэньне проста — каб захаваць сродкі ад абясцэньваньня. Адна з жанчын паказалі квіток, у якім трыццаціпрацэнтная нацэнка названая «ўзнагароджаньнем»:
«Я купіла сто даляраў — і трыста тысяч з капейкамі я заплаціла ўзнагароджаньня. Мне трэба было 100 даляраў — я пайшла і купіла, яны былі. І ў квітку такое прыгожае слова „ўзнагароджаньне“. Я, атрымліваецца, заплаціла яго банку».
На найвялікшым у Магілёве Віленскім рынку абменьнік зачынілі. На абвестцы напісана «часова прыпыненае ажыцьцяўленьне апэрацыяў». Паводле гандляроў, сёньня ён не пачынаў працы.
«Краіна стала жыць горш. Таму і падняўся курс. Рубель — і беларускі, і расейскі — аслаблі адносна даляра і эўра, таму складваецца такая сытуацыя, што людзі ня хочуць трымаць свае грошы ў беларускіх рублях. Даляр жа сто гадоў даляр, таму яго і імкнуцца купіць, а купіць — няма столькі валюты ў банках. Таму і праблемы пачынаюцца», — выказваецца пра сытуацыю з валютай адзін з прадпрымальнікаў.
Абменьнік на Віленскім рынку ў Магілёве
Віленскі рынак амаль пусты. Гандляроў больш, чым пакупнікоў.
«Зразумейце, у сьнежні такой сытуацыі ніколі не было. У студзені і лютым не было. Рынак памірае. Дужа кепская сытуацыя. Чатырнаццаць тысяч за даляр. Вось я зараз пералічу свой тавар, каб рэнтабэльна яго прадаць, і ня выгадна будзе, бо людзі ня будуць яго купляць. У Расею шмат грошай зьвезьлі. Мы тут нават зьніжаем кошты, каб хоць нешта прадаць і акупіць затраты», —наракае на абставіны гандлю на рынку адзін зь бізнэсоўцаў.
Ягоная каляжанка дадае, што ім бы цяпер паболей беларускіх, а не даляраў:
«Мы ўжо даўно ні да якога даляра не прывязаныя. Нам хаця б, каб былі беларускія, каб аплачваць усё і ў краму схадзіць. Вось у мяне прыкладна такая сытуацыя».
Прадпрымальнікі распавялі, як іхныя патэнцыйныя пакупнікі на мінулых выходных кінуліся ў недалёкі ад рынку гандлёвы цэнтар па бытавую і кампутарную тэхніку. Людзкую навалу, паводле іх, стрымлівалі міліцыянты. Дзеяньні ўлады адносна сытуацыі з валютай меліся стрымаць ажыятаж на яе, а выйшла ўсё наадварот, зазначае прадпрымальнік:
«Гэта робяць, каб не палохаць насельніцтва, якое ўжо і так скупіла невядома навошта ўсё, што можна было. Вось навошта чалавеку дзесяць халадзільнікаў?»