Новая інтэрнэт-ініцыятыва «Пара»: Мы пачынаем перамены. Нам трэба валянтэры

Ілюстрацыйнае фота

«У сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне мы вырашылі, што ПАРА... ПАРА пачынаць, — ліст з такімі словамі быў дасланы на пошту Радыё Свабода.

Далей у тэксьце гаворыцца: «Каб людзі нарэшце зразумелі, што палітвязьні, падатак на валюту 30%, блякаваньне сайтаў — гэта толькі пачатак. Самае цікавае будзе наперадзе. Цяпер раскручваецца махавік рэпрэсіяў, які ня спыніцца ні перад чым»

Як высьветліла Радыё Свабода, «ПАРА» — гэта новая грамадзкая ініцыятыва, якая ўзьнікла як стыхійная рэакцыя на абвастрэньне фінансава-палітычнага крызісу ў Беларусі. Актывісты, якія яе стварылі, ставяць задачу інфармаваць беларусаў пра тое, што адбываецца ў краіне:

«У найбліжэйшы час мы апублікуем у блогу плян дзеяньняў. Мы ставім задачу інфармаваць грамадзянаў праз інтэрнэт (які ўжо заціскаюць). Выкарыстоўваць офлайн. Мы падрыхтуем матэрыялы для разьмяшчэньня ў інтэрнэце, каб кожны мог раздрукаваць у сябе і раскласьці ў пад’езьдзе, доме, вуліцы, у горадзе па паштовых скрынках».

На пытаньне Свабоды, хто стаіць за ініцыятывай, адказваюць: «Нас пакуль 5 чалавек. Зараз галоўнае — бясьпечная камунікацыя. Потым будзем працаваць над агітацыйнымі матэрыяламі, каб людзі маглі надрукаваць ці расшарыць па сацыяльных сетках».

У 2011 на фоне дэвальвацыі рубля ў інтэрнэце паўстаў рух «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», які зладзіў сэрыю масавых акцыяў пратэсту, вядомыя як «маўклівыя пратэсты».