БелаПАН пра блякаваньне свайго сайту: Гэта грубы замах на свабоду слова і СМІ ў Беларусі

  • БелаПАН

20 сьнежня былі заблякаваныя IP-адрасы сайтаў belapan.by, belapan.com і naviny.by, якія належаць Беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Хто і па якой прычыне гэта зрабіў, да гэтага часу невядома. Зразумела, аднак, што рашэньне аб блякаваньні IP-адрасоў маглі прыняць толькі ўлады, паколькі ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на прадастаўленьне IP-адрасоў.

Кампанія БелаПАН не атрымлівала ніякіх афіцыйных папярэджаньняў або апавяшчэньняў аб рыхтаваным блякаваньні.

Папраўкі ў закон аб СМІ, якія дапускаюць блякаваньне сайтаў, уступяць у сілу толькі 1 студзеня 2015, але нават пасьля гэтага для блякаваньня патрэбныя будуць законныя падставы. У цяперашніх умовах блякаваньне IP-адрасоў кампаніі БелаПАН мы расцэньваем як грубы замах на свабоду слова і СМІ ў Беларусі.

Мы прымаем усе захады для таго, каб атрымаць ад дзяржаўных органаў вычарпальную інфармацыю аб тым, хто і на якой падставе прымаў рашэньне аб блякаваньні нашых сайтаў.

У цяперашні час, нягледзячы на часовае блякаваньне, сайты belapan.by і naviny.by аднавілі працу. Аднак мы не выключаем новых спробаў іх блякаваньня.