Кадыраў хоча «зьнішчаць шайтанаў» ва Ўкраіне

Рамзан Кадыраў

Прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў плянуе папрасіць дазволу ў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна пакінуць сваю пасаду, каб адправіцца ваяваць у Данбасе.

Пра гэта Кадыраў заявіў у інтэрвію праграме расейскага тэлеканалу НТВ «Без купюраў».

«Я маю намер папрасіць у прэзыдэнта, каб ён мяне, так бы мовіць, адпусьціў з гэтай пасады, каб пайсьці ў Данбас, абараняць інтарэс менавіта тых грамадзянаў, якія сёньня ваююць там. Каб менавіта вось такіх, як гэтыя шайтаны, лавіць і зьнішчаць, таму што у іх гонару і сумленьня няма » — сказаў Кадыраў.

Падчас інтэрвію кіраўнік Чачні адзначыў, што «ваяваць — гэта нядобра, але гэта свайго роду задавальненьне, гэта нават цікава бывае часам».

5 сьнежня Кадыраў абвінаваціў украінскіх парлямэнтароў Юрыя Бярозу, Андрэя Левуса і Ігара Масійчука ў падтрымцы асобаў, якія маюць дачыненьне да гібелі ў Грозным 14 супрацоўнікаў паліцыі.

«Я даручыў прыняць вычарпальныя меры для затрыманьня і дастаўкі ў Чачню названых асобаў» — заявіў тады Кадыраў.

У адказ на гэта Служба бясьпекі Ўкраіны распачала крымінальную справу па факце тэрарыстычных пагрозаў грамадзяніна РФ Кадырава на адрас ўкраінскіх дэпутатаў.