Ужо сёньня, 11 сьнежня: зацьверджанае палажэньне аб дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) запрашае на круглы стол «Прагназуючы міграцыю паміж Усходняй Эўропай і ЭЗ: праблемы і пэрспэктывы», які пройдзе ў канфэрэнцыйнай залі бізнэс-цэнтру «Імагуру» (Менск, вул. Фабрыцыюса, 4). Пачатак а 16-й гадзіне.

У Цэнтры сучасных мастацтваў у Менску адбудзецца лекцыя тэатразнаўцы Галіны Алісейчык «Беларусь: скрозь час і прастору да культурнай самаідэнтыфікацыі». Пачатак у 18.30.

У крэатыўнай прасторы ЦЭХ у Менску (пр-т Незалежнасьці) адкрыецца выстава «Яны». Праект падрыхтаваў і прэзэнтуе Цэнтар дакумэнтальнай фатаграфіі пры Сахараўскім цэнтры (Масква). На выставе экспануюцца здымкі дваццаці вядомых расейскіх фатографаў і журналістаў, прысьвечаныя жыцьцю замежных працоўных мігрантаў у Расеі за апошнія гады. Пачатак а 10-й гадзіне.

У галерэі «Лябірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3-ці паверх) адбудзецца прэзэнтацыя зборніка «Калекцыянэр» выдавецкага дому «Зьвязда». Выданьне зьмяшчае артыкулы дасьледчыкаў і калекцыянэраў беларускай нумізматыкі ад старажытнасьці да нашых дзён. Пачатак а 16-й гадзіне.

Распачнецца выстава і міжнародны форум беларускіх мастакоў «Сума Сумарум». Праект прадстаўлены на дзьвюх менскіх пляцоўках — у Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасьці, 47) і Цэнтры Сучасных Мастацтваў (вул. Някрасава, 3). 11 сьнежня а 17-й гадзіне ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца сустрэча з мастаком Артурам Клінавым.

У Празе прэзэнтуюць кнігу Паўла Севярынца «Люблю Беларусь», перакладзеную на чэскую мову Сьвятланай Вранавай. На прэзэнтацыі будзе прысутнічаць аўтар, а таксама вядучыя чэскія палітыкі, у тым ліку былы міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг. Імпрэза пройдзе ў Доме нацыянальных меншасьцяў (вул. Воцэлава, 602/3). Пачатак а 19-й гадзіне.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1618 — падпісаньне Дзявулінскага замірэньня, што завяршыла вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай.

1921 — зьезд прадстаўнікоў Заходняй Беларусі ў Вільні.

1941 — Італія і Нямеччына абвясьцілі вайну ЗША.

1946 — пры ААН утварыўся ЮНІСЭФ — фундацыя Аб’яднаных Нацый для дапамогі дзецям.

1991 — Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў Палажэньне «Аб Дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягу Рэспублікі Беларусь».

1994 — Расея распачала першую ваенную кампанію ў Чачні.

У гэты дзень нарадзіліся:

1843 — Робэрт Кох, нямецкі мікрабіёляг, адкрывальнік узбуджальнікаў сыбірскай язвы, халеры і сухотаў, нобэлеўскі ляўрэат.

1918 — Аляксандар Салжаніцын, расейскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат.

1943 — Джон Кэры, амэрыканскі палітык, былы кандыдат у прэзыдэнты, дзейны дзяржсакратар ЗША.

У гэты дзень памерлі:

2002 — Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, вязень сталінскіх лягераў.

2004 — Канстанцін Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, вязень сталінскіх лягераў.

Каляндар Бахарэвіча. 11 сьнежня 1981 ад холаду спыняецца Біг Бэн