«Рэпарцёры бязь межаў» занепакоеныя лёсам Алесіна

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» занепакоеная лёсам беларускага журналіста, ваеннага экспэрта Аляксандра Алесіна.

«Мы глыбока занепакоеныя цішынёй, якая атачае зьнікненьне Аляксандра Алесіна», — гаворыцца ў заяве праграмнага дырэктара «Рэпарцёраў без межаў» Люсі Марыльён.

Праваабарончая арганізацыя заклікае беларускія ўлады як мага хутчэй растлумачыць, кім затрыманы Алесін і ў чым абвінавачваецца.

Заява «Рэпарцёраў бязь межаў» была апублікаваная за некалькі гадзін да таго, як стала вядома, што аглядальнік штотыднёвіка «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяваньні супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай органаў бясьпекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356-1 КК). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

У Камітэце дзяржбясьпекі Беларусі сваякам паведамілі, што Алесін не зьяўляецца асноўным падазраваным. Асноўны падазраваны —замежны дыплямат. У цяперашні час высьвятляецца, наколькі цеснымі былі кантакты журналіста з гэтым замежнікам. Алесіну прадстаўлены дзяржаўны адвакат. Ён ужо хадайнічаў аб вызваленьні з-пад варты па стане здароўя, паведамляе БелаПАН.

Правабаронца Валянцін Стэфановіч перакананы, што Алесіну тэрмінова патрэбен адвакат:

Валянцін Стэфановіч

«З артыкуламі абвінавачваньня відавочная блытаніна. Арт. 356 „Здрада Радзіме“ складаецца з дзьвюх частак, адпаведна абвінавачваньне можа быць прад’яўлена ці па адной ці па другой частцы. Ня можа быць арт. 356 і яшчэ ч. 1 арт. 356. Калі ж гэта арт. 356.1, дык ён выключае прад’яўленьне абвінавачваньня па арт. 356, паколькі гэта артыкул прадугледжвае адказнасьць за ўстанаўленьне супрацоўніцтва з замежнай выведкай ці органам бясьпекі без прыкметаў здрады Радзіме. Гэта новы склад злачынства, уведзены ў Крымінальны кодэкс у 2011 годзе. Па ім быў асуджаны ў выніку „шпіён“ Гайдукоў. Тэрмін пакараньня па арт. 356.1 ад 6 месяцаў да двух гадоў і гэта значыць, што калі абвінавачваньне прад’яўлена па гэтым артыкуле Алесіна ня могуць трымаць пад вартай паводле КПК (санкцыя менш трох гадоў), а толькі пад падпіскай аб нявыезьдзе».