Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма заявіў, што новы раунд перамоў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе можа прайсьці ў Беларусі на наступным тыдні.
Гэтыя сустрэчы праходзяць у Менску ў фармаце «Расея-Украіна-АБСЭ», Леанід Кучма прадстаўляе на іх Украіну.
На пачатку верасьня перамоўшчыкі дамовіліся аб замірэньні, але яно рэгулярна парушаецца.
«Наступны раўнд можа быць на наступным тыдні», — сказаў Леанід Кучма журналістам у Кіеве аб перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе.
Паводле яго слоў, мінскія дамоўленасьці зьяўляюцца «асноватворным дакумэнтам».
"Агонь не спыніўся, але я лічу, што гэта асноватворны дакумэнт, на які спасылаецца ўвесь сьвет, і важна, што подпіс пад ім паставіла і Расея«,— адзначыў спадар Кучма, якога цытуе ВВС.
20 лістапада ў ААН паведамлялі, што за час прыпыненьня агню толькі паводле афіцыйных зьвестак загінулі каля тысячы чалавек.
У кіраўніцтве самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» тым часам заявілі, што пакуль не маюць інфармацыі аб пасяджэньні кантактнай групы.