«Левада-цэнтр»: 58% расейцаў хочуць чацьвёртага тэрміну Пуціна

Амаль у два разы вырасла за год доля расейцаў, якія хочуць бачыць Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі пасьля 2018 году.

Паводле дадзеных апытаньня «Лявада-цэнтру», праведзенага ў канцы лістапада, 58 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі станоўча на пытаньне сацыёлягаў аб тым, «ці хацелі б яны бачыць Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі па заканчэньні яго цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну». Год таму такі адказ далі 33 адсоткі расейцаў.

У той жа час 19 адсоткаў хочуць, каб на вышэйшую дзяржаўную пасаду быў абраны іншы чалавек. Яшчэ 22 адсоткі не змаглі вызначыцца з адказам. Меркаваньні рэспандэнтаў адносна таго, ці можа ў Расеі ў бліжэйшыя чатыры гады зьявіцца лідэр, здольны замяніць Пуціна на пасадзе прэзыдэнта, падзяліліся: 34 адсоткі лічаць гэта магчымым, траціна ня верыць у зьяўленьне такога чалавека, а 35 адсоткаў ня могуць адказаць.

Большасьць апытаных (60 працэнтаў) выказаліся за тое, каб кіраўнікі рэгулярна зьмянялі адзін аднаго ў барацьбе на дэмакратычных ўсенародных выбарах.

Дырэктар «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў лічыць, што «прэтэнзіі да ўлады не сышлі», а проста часова «аказаліся ўзятыя ў дужкі». На думку сацыёляга, рэзка зьмянілі сытуацыю далучэньне Крыму і антыўкраінская кампанія, падчас якіх прэзыдэнт паводзіў сябе так, як гэта адпавядае масавым чаканьням. Пра гэта піша «Коммерсант».