На наступны дзень беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы правядуць сустрэчу ў польскім парлямэнце.
Перад адлётам зь Менску старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе:
"На сёньняшні дзень у нас існуюць міжпартыйныя пляцоўкі для ўзаемадзеяньня і супрацы з партнэрамі ў Літве і Швэцыі. І яны дастаткова эфэктыўныя. Цяпер ёсьць ідэя стварыць нешта падобнае і з польскімі палітычнымі структурамі. Гэта мая асабістая ідэя. Мы прапрацоўвалі яе некалькі месяцаў. І цяпер з дапамогай амбасады яе ажыцьцяўляем. У Варшаву едуць прадстаўнікі васьмі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
У нас заплянаваная сустрэча з намесьнікам кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы спадаром Астроўскім, які курыруе ўсходнюю палітыку. І самае галоўнае – заўтра адбудзецца паседжаньне камітэту ў міжнародных справах Сэйму, на якім мы будзем цягам дзьвюх гадзін абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі і таксама стварэньне вось гэтай пляцоўкі, якая дзейнічала б стала і дзе мы маглі б пэрыядычна зьбірацца і абмяркоўваць як беларуска-польскія стасункі,так і больш шырокі міжнародны кантэкст".
У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць:
- Аляксандар Арыстовіч – БСДП (Народная грамада),
- Ірына Вештард – БСДП (Грамада),
- Юрась Губарэвіч -- Рух "За свабоду",
- Сяргей Калякін – "Справядлівы сьвет",
- Анатоль Лябедзька – АГП,
- Уладзімер Някляеў -- "Гавары праўду",
- Павал Севярынец – БХД,
- Аляксей Янукевіч (БНФ).