Старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны абраны 36-гадовы Ўладзімер Гройсман

Уладзімер Гройсман

Вярхоўная Рада Ўкраіны восьмага скліканьня абрала старшынём Уладзімера Гройсмана, дэпутата ад Блёку Пятра Парашэнкі.

Як перадае УНІАН, за гэтае рашэньне прагаласавалі 359 народных дэпутатаў з 408, зарэгістраваных у сэсійнай залі.

Уладзімер Гройсман у 2006 годзе ва ўзросьце 28 гадоў быў абраны гарадзкім галавой Віньніцы, зрабіўшыся самым маладым кіраўніком абласнога цэнтру Украіны.

З 27 лютага 2014 году Гройсман быў віцэ-прэм’ер-міністрам — міністрам рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўкраіны.

Таксама сёньня народныя дэпутаты назвалі кааліцыю парлямэнцкай большасьці «Эўрапейская Ўкраіна», у склад кааліцыі ўвайшлі 302 дэпутаты.