Віганд знайшоў у Беларусі новых партнэраў

Гунар Віганд (Gunnar Wiegand), архіўнае фота

Эўрапейскі чыноўнік сустрэўся ў Менску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і аналітыкамі. З апазыцыяй сустракацца ён адмовіўся.

«На мой погляд, гэтая сустрэча насіла лякальны характар і была зьвязаная з элемэнтамі магчымага ўзаемадзеяньня з уладамі Беларусі па некаторых сацыяльна значных праблемах. Мабыць, менавіта гэтыя праблемы былі вызначаныя як пэрспэктыўныя і рэалістычныя для супрацоўніцтва».

Так у размове са Свабодай падсумаваў вынікі сустрэчы з дырэктарам дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунарам Вігандам, які знаходзіцца ў Менску, былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў.

На сустрэчы з высокім брусэльскім чыноўнікам Міраслаў Кобаса з фонду Сапегі акцэнтаваў увагу на праблемах мясцовага самакіраваньня. Прадстаўнікі арганізацыяў «Наша пакаленьне», «Інтэракцыя» казалі пра праблемы жыцьця пэнсіянэраў, сыстэму занятасьці, падтрымку мэтавых групаў насельніцтва, у тым ліку моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, былых зьняволеных.

Вольга Цярэшчанка, якая займаецца гендэрнымі праблемамі, распавяла пра сытуацыю з жаночым раўнапраўем. Прадстаўнікі «Пазытыўнага руху» казалі пра праблемы хворых на ВІЧ, наркаманаў. Уладзімер Дунаеў закранаў тэму беларускай адукацыі і далучэньня краіны да Балёнскага працэсу.

Падобна, што менавіта гэтая тэматыка была ўзгодненая раней, бо разам з Гунарам Вігандам у Беларусь прыехала група чыноўнікаў Эўракамісіі, якія займаюцца менавіта пытаньнямі рэгіянальнага разьвіцьця, адукацыі, малаабароненых слаёў насельніцтва.

На сустрэчу з экспэртамі спадар Віганд спазьніўся на 45 хвілін. Ён папрасіў прабачэньня і патлумачыў спазьненьне тым, што зацягнулася яго папярэдняя сустрэча — са сваякамі палітзьняволеных.

Прадстаўнікоў апазыцыі, як вынікае зь іхніх інтэрвію Свабодзе, на сустрэчу не запрашалі. Больш за тое, іх нават не папярэджвалі пра візыт.