Страсбурскі суд разглядае тры справы «Ўкраіна супраць Расеі»

Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Эўрапейскі суд па правах чалавека разглядае тры справы, прадстаўленыя Ўкраінай супраць Расеі, дзьве зь якіх тычацца Крыму, а адна дзяцей-сірот з Данбасу, якіх раней вывозілі ў Расею.

Украіна лічыць, што з дапамогай Страсбурскага суду зможа лепш абараняць правы сваіх грамадзян у анэксаваным Крыме і на акупаваных сэпаратыстамі тэрыторыях Данбасу.

У гісторыі Эўрапейскага суду па правах чалавека (ЭСПЧ) было ўсяго 16 спраў «дзяржава супраць дзяржавы», вядомая, у прыватнасьці, справа «Грузія супраць Расеі» пасьля вайны 2008 года. Як правіла, такія справы разглядаюцца доўга.

Як заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода ўпаўнаважаная ўраду Ўкраіны па справах ЭСПЧ Натальля Севасьцьянава, першы пазоў быў пададзены 13 сакавіка гэтага года — за тры дні да незаконнага «рэфэрэндуму» у Крыме, бо ўжо адчувалася, што сытуацыя з правамі чалавека ў Крыме пагаршаецца.

«Украіна лічыла, што ёсьць пагроза парушэньняў з-за пагрозы жыцьця, а таксама пагроза катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня або прыніжэньня. Такім чынам мы зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, і ён прызнаў, што ў Крыме ёсьць рызыка парушэньняў для грамадзян артыкулаў другой і трэцяй Канвэнцыі (аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў) — права на жыцьцё, а таксама небясьпека катаваньняў і негуманнага абыходжаньня», — зазначыла Севасьцьянава.

Паводле яе слоў, масавыя парушэньні правоў чалавека на паўвостраве адбываюцца таму, што «Расея парушыла і спачатку акупавала, а затым і анэксавала частку ўкраінскай тэрыторыі».

Слуханьні ў Эўрапейскім судзе па правах члавека.

Другая справа «Ўкраіна супраць Расеі» тычыцца выкраданьня дзяцей-сірот з Данбасу і вывазу іх у Расею ў ліпені гэтага году. Справа атрымала розгалас, і дзяцей вярнулі. Натальля Севасьцьянава тлумачыць:

«Для таго, каб стварыць нейкую карцінку на расейскім тэлебачаньні, дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў пад рулямі пісталетаў вывозілі на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі без належных дакумэнтаў. Мы адразу зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд, каб той загадаў Расеі вярнуць дзяцей-сірот неадкладна на тэрыторыю Ўкраіны. Суд адрэагаваў за некалькі гадзін, і дзеці былі вернутыя».

Паводле спадарыні Севасьцьянавай, Кіеў не адклікае гэты пазоў, бо былі яшчэ некалькі паўторных спробаў з боку сэпаратыстаў і расейскіх сіл вывезьці дзяцей-сірот у Расею. Кіеву гэта баліць, таму па яе словах, дзеці-сіроты зьяўляецца найбольш неабароненай катэгорыяй насельніцтва.

Трэцяя справа «Ўкраіна супраць Расеі» зноў тычыцца Крыму, але правоў асобнага чалавека — сына лідэра крымска-татарскага народу Мустафы Джамілева. Гэта справа для Ўкраіны важная, паколькі, на думку ўкраінскага боку, можа стаць прэцэдэнтам для абскарджваньня рашэньняў крымскіх судоў, якія былі ўкраінскімі, а цяпер лічаць сябе расейскімі і штампуюць рашэньні.

«Яна будзе прэцэдэнтам у большасьці спраў у будучыні. Бо вядома, што тыя суды, якія цяпер функцыянуюць у Аўтаномнай рэспубліцы Крым, не зьяўляюцца судамі ў разуменьні міжнароднага права. Бо гэта анэксаваная нелегальна тэрыторыя, і тамтэйшыя судзьдзі — гэта былыя ўкраінскія судзьдзі, якія выносяць рашэньні імем Расейскай Фэдэрацыі, а ў канцы рашэньня ставяць пячатку з трызубам Украіны. Гэтыя дакумэнты ня маюць прававых наступстваў ні ў адной цывілізаванай краіне сьвету, акрамя, мабыць, Расейскай Фэдэрацыі », - кажа Севасьцьянава.

Хайсэр Джамілеў незаконна вывезены з Крыма ў Расею.

Хайсэр Джамілеў, які быў пад падазрэньнем у датычнасьці да адной крымінальнай справы, знаходзіўся ў крымскім СІЗА, але яго вывезьлі ў Краснадарскі край Расеі.

«Расейская Фэдэрацыя спрабавала ціснуць на Мустафу Джамілева для таго, каб крымскія татары падтрымалі анэксію Крыма, бо Мэджліс крымска-татарскага народа зараз, мабыць, адзіны будынак у Крыме, дзе лунае ўкраінскі сьцяг. І расейскі бок спрабаваў ціснуць на сына Мустафы Джамілева, і мы зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, каб абараніць яго інтарэсы і паказаць, што рашэньні судоў Расеі, якія будуць тычыцца сына Джамілева, ня будуць мець ніякіх прававых наступстваў», — заявіла Севасьцьянава.

Паводле яе слоў, вываз Хайсэра Джамілева ў Расею зьяўляецца нелегальнай экстрадыцыяй, бо Ўкраіна лічыць Крым сваёй тэрыторыяй, а Джамілеў-малодшы зьяўляецца грамадзянінам Украіны.