Алену Танкачову высылаюць зь Беларусі бяз права вяртаньня на працягу 3 гадоў

Алена Танкачова

Праваахоўныя органы Беларусі прынялі рашэньне дэпартаваць Алену Танкачову бяз права вяртаньня ў Беларусь цягам трох гадоў. Пакінуць Беларусь яна павінна цягам месяца.

Цяпер яна праходзіць працэдуру дактыляскапіі ў Першамайскім РУУС.

30 кастрычніка вядомая праваабаронца, кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алена Танкачова атрымала рашэньне аб ануляваньні яе віду на жыхарства ў Беларусі. Фармальнай прычынай сталі адміністратыўныя спагнаньні за перавышэньне хуткасьці.

Алена Танкачова – грамадзянка РФ, жыве ў Беларусі ўжо 30 год.

Рашэньне аб высылцы было разгледжанае 5 лістапада. Больш за сем тысяч чалавек накіравалі ў адпаведныя органы хадайніцтвы з просьбай не высылаць Танкачову зь Беларусі. Падтрымаць праваабаронцу пад будынак Першамайскага РУУС, дзе адбываўся разгляд яе справы, прыйшлі пяць дзясяткаў чалавек.