На адну арэндную кватэру ў Менску — ад 100 да 400 прэтэндэнтаў

У Менску на адну арэндную кватэру прыпадае ад 100 да 400 ахвотных у ёй пражываць.

Пра гэта заявіў начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Менгарвыканкаму Аляксандар Аўраменка, піша БЕЛТА.

«У Менску зроблена стаўка на будаўніцтва арэнднага жыльля. Бліжэйшым часам у горадзе складуць плян-графік будаўніцтва і ўводу ў эксплюатацыю такіх дамоў. Арэндныя кватэры вельмі папулярныя сярод жыхароў Менску, бо арэндная плата несувымерная з той, якую людзі плацяць, наймаючы камэрцыйнае жыльлё. Яна ў два, а дзесьці і ў тры разы меншая», — сказаў Аўраменка.

У першую чаргу засяліцца ў арэндную кватэру прапануюць тым, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Пры гэтым грамадзяне не здымаюцца з чаргі на жытло.

На ўліку як маючыя патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў у горадзе стаіць 235 тысяч сем’яў. У мінулым годзе пры зьверцы чаргі з уліку зьнялі 31 тысячу чалавек. Як растлумачыў Аўраменка, гэта было зроблена таму, што ўмовы, паводле якіх гэтыя людзі лічыліся маючымі патрэбу, не адпавядалі заканадаўству.