Ратавальнікі з дапамогай авіяцыі МНС праводзяць маніторынг магчымых ачагоў пажараў у прыродных экасыстэмах.
Былі выяўленыя і лякалізаваныя тарфяныя пажары каля вёскі Забалоцьце Менскага раёну, каля вёскі Новы Ўборак Пухавіцкага раёну і каля вёскі Навіна Салігорскага раёну, паведамляе прэс-служба МНС.
Паводле Белгідрамэтэацэнтру, склаліся мэтэаралягічныя ўмовы, калі тэмпэратура паветра на вышыні аказалася вышэйшая, чым каля зямлі. А гэта перашкаджае расьсейваньню часьцінак шкодных прымесяў у атмасфэры і спрыяе іх канцэнтраваньню каля паверхні зямлі.
МНС заклікала грамадзянаў не паліць сьмецьце і сухую расьліннасьць.
З раніцы 29 кастрычніка шмат якія раёны Менску накрыў густы сьмярдзючы смог. У прэсавай службе МНС Свабодзе паведамілі, што нічога не гарыць:
«На дадзены момант проста ўсе людзі запалілі печы, працуюць заводы, і з-за таго, што стаіць бязьветранае надвор’е, гэта ўсё з гораду не выветрываецца. Ніякага пажару ні ў Менску, ні ў ваколіцах няма».